„Гродна Азот” не дачакаўся інвестара
Не дачакаўшыся інвестара „Гродна Азот” уласнымі сіламі пачало працы па мадэрнізацыі азотнага комплекса.
Плануецца, што вынікам стане будаўніцтва новых цахоў аміяку і карбаміду, а таксама вадароднай устаноўкі. Уваход інвестара можа адбыцца ў любы момант, але пакуль жадаючых набываць акцыі прадпрыемства на ўмовах, якія прапаноўвае дзяржава, няма. Прадугледжваецца, што інвестар павінен будзе фінансаваць будаўніцтва новага азотнага комплекса да канца 2019 года.
Нежаданне інвеставаць у адно з самых вялікіх і паспяховых прадпрыемстваў ня толькі Гарадзеншчыны, але і ўсёй краіны, на думку намесніка старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Сяргея Антусевіча, выклікана як коштам акцый, так і эканамічнай сітуацыяй у краіне:
– Заводу 50 год, апошняя буйная рэканструкцыя ці будаўніцтва адбываліся напрыканцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Натуральна, што там ёсць пэўныя ўкладанні і абнаўленні асноўных сродкаў. Тым не менш гэта састарэлыя тэхналогіі, гэта старая вытворчасць – ніхто не будзе плаціць тыя кошты, не захоча плаціць за састарэлае абсталяванне ці вытворчую пляцоўку.
Стартавы кошт пакету акцый адкрытага акцыянернага таварыства „Гродна Азот” складае чатырыста чатырнаццаць мільёнаў даляраў. Летам мінулага года конкурсны адбор на ўдзел у прыватызацыі прадпрыемства не адбыўся ў сувязі з адсутнасцю жадаючых у ім удзельнічаць. Раней паведамлялася, што зацікаўленасць да набыцця пакету дзяржаўных акцый выяўлялі расейскія кампаніі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня
Фота grodnonews.by