Група „Сафмар” плануе паставіць у студзені ў Беларусь 750 тысяч тон нафты



Нафтавыя кампаніі групы „Сафмар” расейскага бізнесмена Міхаіла Гуцарыева плануюць паставіць у студзені 750 тысяч тон нафты ў Беларусь, паведаміла БелаПАН крыніца, знаёмая з планамі групы.

Паводле яе слоў, цяпер на нафтаперапрацоўчыя заводы ў Мазыры і Наваполацку пастаўлена 130 тысяч тон нафты. Усяго плануецца паставіць 650 тысяч тон нафты трубаправодным транспартам, 100 тысяч тон — па чыгунцы. Такім чынам, у студзені „Сафмар” выкарыстае ўвесь аб’ём, зацверджаны Міністэрствам энергетыкі Расеі на першы квартал. Для ажыццяўлення паставак у лютым спатрэбіцца згода ўрада на карэкціроўку графіка.

„Пакуль квартальнага задання ніхто не мяняў, гэта павінна зыходзіць ад расейскага Мінэнерга. Калі яно павялічыць графік, тады будуць наступныя пастаўкі. Але пакуль пытанне стаіць у тым, каб паставіць у студзені максімальны аб’ём з дазволенага. Потым пытанне можа ў цэлым вырашыцца на ўзроўні прэзідэнтаў і ўрада”, — сказаў інфармаваны суразмоўца.

У прэс-службе „Сафмар” БелаПАН паведамілі, што агульны аб’ём здабычы нафты кампаніямі групы ў 18 млн тон за год дазваляе „задаволіць патрэбы расейскага рынку і выканаць абавязацельствы перад Беларуссю”.

У снежні Беларусь і Расея ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак нафты, згодна з якім у 2020 годзе Беларусь атрымае 24 млн тон расейскай нафты. У канцы снежня намеснік старшыні канцэрна „Белнафтахім” Андрэй Бунакоў заяўляў, што ў першым квартале 2020 года плануецца перапрацаваць 5,9 млн тон нафты.

1 студзеня Расея спыніла прапампоўку нафты ў Беларусь у сувязі з рознагалоссямі па цане. Менск настойваў на адмене прэміі да цаны паставак, якая складае каля 10 долараў за тону. Такім чынам беларускія ўлады разлічвалі атрымаць кампенсацыю за падатковы манеўр у Расеі, які прыводзіць да падаражання сыравіны для Беларусі.

Паводле ацэнак канцэрна „Белнафтахім”, сёлета з-за падатковага манеўру кошт расейскай нафты для беларускіх НПЗ вырасце на 20 долараў за тону. Цяпер ён складае 83% ад сусветнага. У студзені—кастрычніку мінулага года Беларусь імпартавала нафту з Расеі па сярэднім кошце ў 364 долары за тону.

Расейскія кампаніі ў сваю чаргу выказвалі згоду працаваць з Беларуссю на рынкавых умовах.

4 студзеня ААТ „Гомельтранснафта Дружба” паведаміла аб аднаўленні паставак расейскай нафты ў Беларусь. У „Белнафтахіме” паведамілі, што аб’ём сыравіны, пастаўка якой чакаецца найбліжэйшым часам, а таксама назапашаныя рэсурсы дадуць магчымасць забяспечыць няспынную працу айчынных нафтаперапрацоўчых заводаў у студзені 2020 года. У канцэрне таксама заявілі, што расейская нафта закупляецца без прэміі для пастаўшчыка.

belapan.by