Helm AG прыпыняе супрацу з ААТ „Гродна Азот”
Нямецкі дыстрыб’ютар хімічнай прадукцыі Helm AG устрымаецца ад супрацоўніцтва з ТАА „Гродна Азот”, паведаміў страйкам гарадзенскага прадпрыемства са спасылкай на ліст нямецкай кампаніі.
„Ліст нешматслоўны, але ў ім адзначана — пасля нашага паведамлення аб фактах парушэння, якія адбываюцца на прадпрыемстве, Helm AG, пакупнік 10% гадавога аб’ёму прадукцыі „Гродна Азоту”, на гэты момант устрымліваецца ад супрацоўніцтва”, — гаворыцца ў паведамленні.
„У будучыні будзе дадзеная ацэнка магчымасці супрацоўніцтва з „Азотам”, толькі пасля праверкі ўмоў аховы працы на прадпрыемстве”, — удакладняе страйкам.
Офіс беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай адзначае, што напярэдадні абвяшчэння рашэння аб непрацягнутым кантракце Helm AG з „Гродна Азотам” каманда Ціханоўскай сумесна з актывам страйку, а таксама беларускімі дыяспарамі накіравала кампаніі Helm AG ліст. У ім былі прыведзены канкрэтныя прыклады рэпрэсій на прадпрыемстве „Гродна Азот” і названы імёны больш чым 40 работнікаў, якія былі арыштаваныя або аштрафаваныя за свой пратэст. „Таксама ў лісце тлумачылася, як кіраўніцтва завода парушае права рабочых на страйк і цісне на супрацоўнікаў і прымушае да працы”, — адзначаецца ў паведамленні.
ААТ „Гродна Азот” з’яўляецца адным з найбуйнейшых хімічных прадпрыемстваў у СНД і ва Усходняй Еўропе, выпускае азотную кіслату, азотныя мінеральныя ўгнаенні, капралактам, метанол і іншыя віды хімічнай прадукцыі. Прадпрыемства належыць дзяржаве, уваходзіць у склад канцэрна „Белнафтахім”.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года на „Гродна Азоце” праходзілі адны з найбольш маштабных забастовак у краіне.