Hoster.by працягвае падтрымку сайтаў, нягледзячы на ператрусы



Хостынг-правайдэр hoster.by працягвае падтрымку кліенцкіх сайтаў і працуе ў звычайным рэжыме. Пра гэта 19 траўня паведаміла PR-дырэктар кампаніі Вольга Кузеева.

«Учора мы атрымалі шмат словаў падтрымкі і падзякі, што вельмі прыемна. Мы заставаліся на сувязі з кліентамі, вырашалі ўсе працоўныя пытанні, і чамусьці вас гэта здзівіла. Няхай вас гэта не здзіўляе. Бо наш дэвіз — “трымаем вашыя сайты, нягледзячы ні на што”. Мы свае абяцанні выконваем», — цытуе Кузееву REFORM.by.

Нoster.by — гэта правайдэр хостынгу і хмарных рашэнняў для бізнесу, найбуйнейшы рэгістратар і тэхнічны адміністратар нацыянальных даменных зон. BY/БЕЛ, а таксама адзіны ў Беларусі акрэдытаваны ICANN рэгістратар міжнародных даменаў.

Учора, адначасова з атакай на TUT.BY, сілавікі прыйшлі з ператрусам і ў офіс hoster.by, які знаходзіцца побач: гэтыя кампаніі звязаныя. Ператрус працягваўся некалькі гадзін, пасля чаго сілавікі павезлі дырэктара кампаніі Сяргея Павалішава. Наколькі вядома, цяпер ён затрыманы.