Ідзе абмеркаванне спісу дазволеных відаў дзейнасці для ІП



У адкрытым доступе з’явіўся спіс відаў дзейнасці, якія застануцца даступнымі для ІП. Гэта яшчэ не канчатковы дакумент, яго плануюць абмяркоўваць і карэктаваць.

Тым не менш, эксперты ўжо заўважылі, што з пераліку для ІП зніклі юрыдычныя паслугі, няма ў ім анлайн-курсаў і навучання.  Са спісу плануюць таксама выключыць аптовы гандаль. Ідуць спрэчкі наконт паслуг у сферы перавозак, раней гаварылася і пра турыстычныя паслугі.

Змены хочуць увесці таксама для фізічных асоб. Чыноўнікі збіраюцца адрэдагаваць Грамадзянскі кодэкс і скараціць спіс відаў дзейнасці, якія не лічацца прадпрымальніцтвам. З яго хочуць прыбраць рамесніцтва, аграэкатурызм, а таксама самазанятых, якія гандлююць на рынках уласнымі выпечкай і мёдам, выгадаванай гароднінай, намаляванымі карцінамі.

Прагназуецца, што колькасць ІП пасля перагляду відаў дзейнасці можа скараціцца з 263 тысяч (на пачатак гэтага года) да 143,5 тысячы.

Золатавалютныя рэзервы Беларусі зноў знізіліся

Золатавалютныя рэзервы Беларусі за травень знізіліся на 96 мільёнаў даляраў. Па стане на 1 чэрвеня міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі склалі 7,87 мільярда даляраў, паведамляе Нацбанк. За травень яны знізіліся на 96,1 мільёна даляраў.

“Залаты запас” Беларусі зніжаюцца другі месяц запар. У красавіку ён зменшыўся на 130,4 мільёна долараў. Пра структуру актываў і фактары, якія ўплываюць на іх змены, Нацбанк не паведамляе са жніўня 2022 года.

Еўразвяз не зніме санкцыяй з бізнесмена Шакуціна

Стала вядома, што набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмен Аляксандр Шакуцін звяртаўся ў агульны суд Еўразвязу, каб зняць з сябе санкцыі. Але справу ён прайграў. Пра гэта стала вядома 7 чэрвеня з паста журналіста RFE/RL Рыкарда Ёзвяка. “Добрая перамога для ЕЗ, бо рэжым санкцый у дачыненні Беларусі застаецца ў сіле, а доказы, якія звязваюць яго [Шакуціна] з Лукашэнкам, застаюцца моцнымі”, – напісаў журналіст.  Зараз Аляксандр Шакуцін будзе вымушаны сплаціць судовыя выдаткі.

Уладальнік прадпрыемства “Амкадор” Аляксандр Шакуцін, цесна звязаны з Аляксандрам Лукашэнкам, патрапіў пад санкцыі ў снежні 2020 года.

У Эміратах ствараюць фінансавую пракладку для рэзідэнтаў ПВТ?

Як стала вядома “Нашай Ніве”, адміністрацыя Парка высокіх тэхналогій рэгіструе юрыдычную асобу ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах. Праз яе збіраюцца прапускаць грошы тых беларускіх ІТ-кампаній і замежных замоўцаў, якія не могуць працаваць наўпрост з Беларуссю пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне.  Пасля адкрыцця юрыдычнай асобы для яе будуць адкрытыя валютныя рахункі ў банках Эміратах.

Ідэя адкрыцця кампаніі ў ААЭ належыць кіраўніцтву Парка высокіх тэхналогій. Узначальвае ПВТ Усевалад Янчэўскі. Плануецца, што заходні замоўца будзе плаціць грошы на рахункі ў Эміратах, адтуль гэтыя грошы будуць трапляць у Беларусь. Імаверна, у валюце адрознай ад валюты прыходу. Напрыклад, канвертаваныя ў юані.  ПВТ будзе мець з гэтага свой працэнт за абслугоўванне.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота мае ілюстрацыйны характар