Ідзе актыўная нарыхтоўка бярозавіка
На Берасцейшчыне працягваецца актыўная нарыхтоўка бярозавіка. Сёлета лясгасы плануюць сабраць 5 тысяч тон прыроднага напою. Большасць пойдзе на перапрацоўчыя прадпрыемствы вобласці і на рэалізацыю насельніцтву. Дарэчы з замежных краінаў сок з Берасцейшчыны асаблівым попытам карыстаецца ў Літве, туды ўжо накіравалі каля 100 тон.
Нарыхтоўка бярозавіка цалкам залежыць ад надвор’я. Сёлета яно істотна цяплейшае, таму збор пачаўся раней, адзначае супрацоўнік пінскага лясгаса Ігар Пацоўскі:
– Сёлета зіма была раней, недзе каля месяца, або і менш. Плюсавая тэмпература – вельмі рана. Ён пачаў вельмі рана ісці, але не ведаем на колькі яго хопіць, гледзячы на надвор’е. У мінулым годзе менш соку нарыхтоўвалі, таму што было хуткае распусканне бярозы.
Грамадзяне могуць самі весці нарыхтоўку бярозавіка, але для гэтага трэба атрымаць дазвол у мясцовым лясніцтве. За парушэнне фізічную асобу чакае штраф да 20 базавых, а юрыдычную да 500 базавых велічыняў.
Беларускае Радыё Рацыя