Ігар Казмярчак: Не варта панікаваць
Аршаншчына застаецца ў цяжкім эканамічным становішчы, аднак панікаваць з гэтай нагоды не трэба.
Банкруцтва прадпрыемства «Лантан» у Арэхаўску і выстаўленне пад знос аднаго з цэхаў «Тэхнікі сувязі» ў Барані галоўны рэдактар сайта Orsha.eu Ігар Казмярчак не можа назваць нечаканымі падзеямі:
– Не варта панікаваць у сувязі са зносам будынка на тэхніцы сувязі. Усё ж такі, калі гэтае прадпрыемства будавалася, як і большасць савецкіх прадпрыемстваў, трэба ўзгадаць, што тады была такая камуністычная гігантаманія. А адзінае, што можа быць варта б было праверыць, наколькі гэты будынак стары і каштоўны з пункту гледжання прамысловай архітэктуры.
Прадпрыемства «Лантан» у Арэхаўску займалася вытворчасцю керамічных кандэнсатараў. У апошнія гады выпускала крэйду для школы, мастацкія керамічныя вырабы, а затым спрабавала пачаць выпуск керамічных электраізалятараў, якія Беларусь вымушаная імпартаваць. Ізалятары змаглі выпусціць толькі доследнай партыяй – як высветлілася, прадпрыемства не можа забяспечыць неабходную якасць гэтых дэталяў. Пазыкі «Лантана» выраслі да 450 тысяч даляраў, завод на таргах ніхто не купіў, і цяпер афіцыйна распачатая працэдура банкруцтва. Тыя людзі, якія працавалі на заводзе да нядаўняга часу, вымушаныя шукаць працу ў суседняй з Арэхаўскам Воршы альбо ехаць на заробкі ў Расею ці Польшчу.
Кастусь Багушэвіч, Беларускае Радыё Рацыя, Ворша