Ігар Леднік: Многія прадпрымальнікі вымушаны будуць спыніць працу



Прадстаўнікі малога бізнесу Беларусі правялі форум, на якім абмервалі свае праблемы. Ці пойдуць беларускія ўлады на дыялог з іпэшнікамі? Ці пачуюць іх праблемы? Пра гэта распавядае прадпрымальнік і праваабаронца Ігар Леднік.

Нагадаем, што дэлегаты форуму запатрабавалі ад уладаў арганізаваць абмеркаванне сітуацыі вакол умоў прадпрымальніцкай дзейнасці непасрэдна з Адміністрацыяй прэзідэнта, абыходзячы ўрад.

Ігар Леднік: Не думаю, што ўлады пойдуць на які-небудзь дыялог. Яны прынялі сваё рашэнне – адкручваць назад яго ніхто не будзе. Малы бізнес ужо даўно казаў пра свой намер сесці за стол перамоваў з чыноўнікамі, але з што з таго? З кожным разам сітуацыя толькі пагаршаецца, прадпрымальнікаў ніхто нават і слухаць не хоча. Ёсць нейкія дробязныя саступкі, але ж гэта не тое.

РР: Ціск на іпэшнікаў сказваецца і на бюджэце краіны, бо прадпрымальнікі спраўна плацяць падаткі і немалыя. Атрымоўваецца, што рэжуць курыцу, якая нясе залатыя яйкі?

Ігар Леднік: Відаць, разлічваюць згубіць на гэтым, але выйграць на нечым большым. Праўда, ніхто ж не думае, напэўна, колькі людзей могуць застацца без працы.

РР: Ёсць меркаванне, што гэта такое своеасаблівае змаганне ўладаў з імпартам…

Ігар Леднік: Калі нехта разлічвае, што ІП адразу ж пасля гэтага пабягуць прадаваць беларускія тавары, глыбока памыляецца. Таго, хто прадае нешта беларускае, хто мае з гэтага прыбытак, і прымушаць не трэба. Але ж не будуць усе прадпрымальнікі разгружаць беларускія склады. Тавар павінен быць танным і якасным. Тады можна пачынаць размову.

РР: Як будуць выжываць прадпрымальнікі ў новых умовах работы?

Ігар Леднік: Многія мае знаёмыя кажуць, што па новых ўмовах працаваць не мае сэнсу, бо не будзе прыбытку. Палічыце падаткі, арэнду, сертыфікацыю… Не бачна перспектыў на будучыню.

РР: Дзе складаней працаваць прадпрымальнікам: у сталіцы ці ў рэгіёнах?

Ігар Леднік: Натуральна, у рэгіёнах. У Менску больш плацежаздольнае насельніцтва, там іншыя заробкі. Дарэчы, амаль усе людзі ў раёнах абуваюцца і апранаюцца менавіта на рынках, бо ведаюць – тут яны могуць усё купіць па сваіх заробках і на любы густ.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота Савелія Малчанава