Ігар Пракаповіч: Трэба развіваць унутраны рынак



Лунінеччына – клубнічны край. На клубніцах там ужо не адзін дзясятак гадоў спрабуе зарабіць бадай кожны. Аднак не ўсе яе вырошчваюць як, напрыклад, былы музыка Ігар Пракаповіч, які пайшоў іншым шляхам – арганізаваў гандлёвую пляцоўку, клубнічны кірмаш у вёсцы Дварэц.

Падрабязней пра сёлетні сезон апавядае сам дырэктар:

– У гэтым годзе больш клубніц, чым у мінулым. І на два тыдні раней пачаўся сезон. Добра, што мы змаглі пашырыць пляцоўку. І нам у гэтым годзе нашмат лягчэй арганізоўваць гандаль. Тыя ягады, якія вырошчваюцца традыцыйна, яны хутка прайшлі. Фермерскі рух у раёне набірае сілу. І фермеры клубніцы вырошчваюць ужо па сучасных тэхналогіях. Клубніцы прыгожыя і карыстаюцца попытам.

Як высветлілася, большасць лунінецкіх фермераў прадаюць ягады ў раёне, каб не турбаваць сябе паездкамі, напрыклад, у Маскву.

Ігар Пракаповіч: Мы разумеем, што робім вельмі добрую справу, у тым ліку і для вытворцаў. Бо рынак фармуе канкурэнтнае асяроддзе. Мы прадастаўляем гандлёвыя месцы для аўтамабіляў. За іх плацяцца грошы. І з іх фінансуецца ўся праца прадпрыемства. А гэта заробак кантралёраў, ахоўнікаў, прыбіральшчыка, паліўшчыка.

Дварэцкі клубнічны кірмаш адзіны такі на раён. І ён спраўляецца з працай.

Ігар Пракаповіч: Закупшчыкаў на аўтамабілях з расейскімі нумарамі стала меней. У мінулым годзе каля 30% месцаў на рынку займалі госці з Расеі. У гэтым годзе іх няма. Я хачу сказаць, што не трэба спадзявацца на Расею, маўляў, Расея не бярэ… Трэба развіваць унутраны рынак, унутраны гандаль, перапрацоўку. І ягадаў будзе не хапаць.

Ігар Пракаповіч  распавёў і пра лёс штогадовага клубнічнага фэсту ў Дварцы, на якім ён выступае асноўным арганізатарам:

– Магчыма, мы слаба грукаемся ў дзверы, кепска працуем з тымі людзьмі, якія прымаюць рашэнні. Значыць, будзе маленькі “фэсцік” толькі для сябе. Канчатковае рашэнне яшчэ не прынятае. У мяне пытаюцца, а ці будзе фэст? Нам хочацца рухацца наперад. І слава нам не патрэбная. Арганізатарам можа быць хто заўгодна. Ідэя выдатная. Мы гатовыя дапамагаць. Я ў вельмі прыгнечаным стане знаходжуся з-за таго, што ідэя не знаходзіць той падтрымкі, якой нам хацелася б. Аддзел культуры – гэта вертыкаль. Ёсць сацыяльная палітыка ў дзяржаве. Яна праводзіцца з дапамогай вертыкалі. І яны працуюць у сваёй плоскасці. У іх ёсць фестываль, ён называецца “Лунінецкія клубніцы”. Так, выдатны фэст. Туды прыедуць усе, каму гэта трэба: работнікі райвыканкама, карэспандэнты дзяржвыданняў. Але ў іх разуменні культурнай палітыкі і сацыяльнай палітыкі – гэта абсалютна апраўданае мерапрыемства, якое трэба рабіць. Хоць, калі размаўляеш з гэтымі людзьмі, у кожнага ў вачах напісанае выразнае разуменне таго, што яны робяць. Але не рабіць гэта такім чынам, яны не могуць.

Сустрэча з Ігарам Пракаповічам адбылася дзякуючы высілкам Лунінецкай раённай філіі Беларускай Асацыяцыі Журналістаў (БАЖ) у межах штогадовага прэс-туру па „клубнічных мясцінах Лунінеччыны”.

Мікола Ляшкевіч, Беларускае Радыё Рацыя, Дварэц

Цалкам матэрыял слухайце ў далучаным гукавым файле.