IGDA папярэдзіла Лукашэнку і адміністрацыю ПВТ аб сыходзе ІТ-кампаній з краіны



Міжнародная асацыяцыя распрацоўшчыкаў гульняў (IGDA) звярнулася з адкрытым зваротам да Аляксандра Лукашэнкі і адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій, у якім выказалася супраць гвалту, жорсткасці, парушэння правоў чалавека і фальсіфікацыі апошніх выбараў у Беларусі.

IGDA запатрабавала спыніць агрэсію рэжыму супраць мірных пратэстоўцаў; вызваліць усіх палітычных зняволеных, сярод якіх ёсць распрацоўшчыкі гульняў і іншыя спецыялісты індустрыі, што сталі аб’ектамі катаванняў і беспрэцэдэнтнай жорсткасці з боку ўрадавых сілавых структур; расследаваць усе выпадкі катаванняў і жорсткасці.

Асацыяцыя патрабуе правесці новыя, сумленныя і празрыстыя, прэзідэнцкія выбары, падкрэсліваючы, што „такія выбары — гэта аснова дэмакратыі, неабходная для развіцця эканомікі краіны, у тым ліку індустрыі камп’ютарных гульняў”.

IGDA таксама заяўляе пра неабходнасць „расследаваць дзеянні адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій і іх злоўжыванні з мэтай абмежавання правоў чалавека шляхам націску і пагроз кампаніям-рэзідэнтам; расследаваць і прыцягнуць вінаватых у абмежаваннях доступу да сеткі інтэрнэт, якія назіраліся ў Рэспубліцы Беларусь у перыяд з 9 жніўня”.

Асацыяцыя патрабуе гарантаваць, што „доступ да сеткі інтэрнэт ніколі не будзе зноў абмежаваны, бо гэта істотна для рэалізацыі правоў чалавека і грамадзяніна”.

„Людзям неабходныя сумленныя і празрыстыя выбары, каб абраць легітымнага прэзідэнта. Рэжым Лукашэнкі згубны і не адпавядае міжнародным, нават базавым, стандартам правоў чалавека. Мы падтрымліваем свабоду выказвання і інфармацыі, якія неабходныя для развіцця гульнявой індустрыі ў Рэспубліцы Беларусь”, — гаворыцца ў звароце.

„Калі гэтыя ўмовы не будуць выкананыя, то мы будзем вымушаныя рэкамендаваць нашым партнёрам, праз усе даступныя нам сродкі і мерапрыемствы, пазбягаць супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь. Мы арганізуем дапамогу ўсім беларускім кампаніям з пераездам у іншыя краіны на іх выбар. Мы будзем рэкамендаваць усім іншым распрацоўшчыкам і іншым IT-кампаніям пазбягаць інвестыцый і здзелак з Рэспублікай Беларусь”, — сцвярджае Міжнародная асацыяцыя распрацоўшчыкаў гульняў.

„Гульні распрацоўваюцца ў спалучэнні творчасці і тэхналогій. Яны не могуць распрацоўвацца і наша індустрыя не можа квітнець там, дзе душыцца свабода”, — падкрэсліваюць распрацоўшчыкі.

Па стане на ліпень беларускі Парк высокіх тэхналогій аб’ядноўваў 886 кампаній, у якіх працавала прыблізна 63 тыс. чалавек. Значная частка рэзідэнтаў ПВТ звязаная з распрацоўкамі ў гульнявой індустрыі.

belapan.by