IKEA закрые офіс закупак у Беларусі, прадасць фабрыкі ў Расеі
IKEA прыняла рашэнне пра далейшы лёс свайго бізнесу ў Беларусі і Расеі. Пасля нападу Расеі на Украіну кампанія аб’явіла аб прыпыненні аперацый у дзвюх краінах.
«На жаль, акалічнасці не палепшыліся, і разбуральная вайна працягваецца. Прадпрыемствы і ланцужкі паставак па ўсім свеце моцна пацярпелі, і мы не бачым магчымасці аднавіць працу ў бліжэйшы час», – гаворыцца ў новай заяве кампаніі.
На дадзены момант раздробны бізнэс IKEA ў Расеі застанецца прыпыненым. Кампанія будзе скарачаць працоўную сілу. Каб забяспечыць выплаты, будзе наладжаны распродаж тавараў са складоў у РФ.
Inter IKEA прадасць чатыры сваіх завода ў РФ, скараціўшы працоўную сілу.
Пастаўкі тавараў IKEA у Расею і Беларусь, а таксама закупкі ў гэтых краінах застаюцца пад забаронай.
„Два офісы закупак і лагістыкі ў Маскве і Менску, якія належаць Inter IKEA, будуць зачыненыя назаўжды”, – паведамілі ў кампаніі.