Імкліва расце колькасць беспрацоўных на Берасцейшчыне



На Берасцейшчыне ў сувязі з эпідэміяй і эканамічным крызісам імкліва расце колькасць беспрацоўных. Але афіцыйныя лічбы па рэгіёну застаюцца без зменаў – 0,4 працэнты.

На практыцы тых, хто згубіў працу можа апынуцца мінімум у дзесяць разоў больш, – распавёў экс-кандыдат у дэпутаты ў парламент, прадстаўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Сяргей Мазан:

– Шмат сяброў, якія працавалі ў турфірмах, зараз без працы. Тыя заробкі, якія яны атрымалі, а гэта адсотак ад тых тураў, якія яны прадавалі раней, ім прыходзіцца аддаваць, бо нейкія турфірмы аддаюць грошы за пуцёўкі, якія людзі набывалі раней, да эпідэміялагічнага стану ў свеце. Таксама грамадскае харчаванне апынулася ў вельмі цяжкой сітуацыі. Людзям, якія працуюць у кавярнях, барах і рэстаранах, вельмі цяжка зараз.

Паводле Сяргея Мазана, частка людзей наўпрост адпраўленая ў адпачынкі за свой кошт на нявызначаны тэрмін. Таму іх таксама можна лічыць часова беспрацоўнымі.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце