Імпарт легкавых аўтамабіляў вырас на 42%
Беларусь у першым квартале імпартавала 21.137 легкавых аўтамабіляў на 252,7 млн долараў, сведчаць афіцыйныя статдадзеныя.
У параўнанні з першым кварталам мінулага года імпарт легкавых аўтамабіляў у фізічным выражэнні вырас на 42,1%, у вартасным — на 30,5%.
Асноўны аб’ём легкавых аўтамабіляў быў увезены з Расеі — 17.725 адзінак на 219,7 млн долараў. У фізічным выражэнні імпарт легкавых аўтамабіляў з Расеі вырас на 45,5%, у вартасным — на 41,2%.
У Беларусі ў першым квартале было выраблена 3.239 легкавых аўтамабіляў, што на 48% больш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым на экспарт было пастаўлена 2.806 легкавых аўтамабіляў (амаль у 2,4 разу больш у параўнанні з першым кварталам 2018 года).
Легкавыя аўтамабілі ў Беларусі выпускае беларуска-кітайскае СЗАТ „БелДжы” пад маркай Geely. У 2018 годзе на ўнутраным рынку было рэалізавана 3.304 аўтамабілі. План продажу ў 2019 годзе складае 7.020 аўтамабіляў у Беларусі і 15-18 тыс. — у Расеі, але ўсё будзе залежаць ад дзеянняў канкурэнтаў і ад продажу ў РФ, заявіў у пачатку гэтага года на прэс-канферэнцыі ў Менску намеснік дырэктара па продажах завода „БелДжы” Кірыл Шаламіцкі.
У 2018 годзе ў Беларусі было прададзена 48.817 легкавых аўтамабіляў, што на 60,2% больш у параўнанні з пазамінулым годам.
Бурны рост продажу аўтамабіляў ўдзельнікі рынку тлумачаць некалькімі фактарамі, у ліку асноўных — даступнасць фінансавання.
„Крэдытаванне і лізінгавыя схемы далі магчымасць зрабіць даступнай працэдуру куплі новага аўтамабіля для нашых грамадзян. І ўпершыню за гісторыю незалежнасці нашай краіны мы гаворым пра тое, што набыццё новага аўтамабіля стала больш выгадным, чым купля аўтамабіля з прабегам у сілу таго, што пакупнік атрымаў комплекс паслуг як па фінансаванні, так і іншых спадарожных”, — адзначаў у пачатку года старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч.