Імпарт нафты ў Беларусь скараціўся на 20,8%
Імпарт сырой нафты ў Беларусь у 2016 годзе скараціўся на 20,8% да 18,1 млн тон. Пра гэта сведчаць апублікаваныя 20 лютага дадзеныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Агульны кошт імпартаванай сыравіны склаў 3,97 млрд даляраў (у 2015 годзе на куплю нафты было выдаткавана 5,7 млрд даляраў). Сярэдняя цана за тону нафты склала 218,7 даляра супраць 247,3 даляра ў 2015 годзе.
Імпарт нафтапрадуктаў склаў 1,72 млн тон на агульную суму 565,5 млн даляраў, у колькасным выражэнні аб’ём імпарту вырас на 4%. Сярэдняя цана імпартаваных нафтапрадуктаў склала 329 даляраў за тону супраць 309 даляраў у папярэднім годзе.
Паводле дадзеных статыстыкі, Беларусь у 2016 годзе павялічыла пастаўкі нафты ў параўнанні з 2015 годам на 0,1% да 1 млн 617 тыс. тон, зарабіўшы 471,6 млн даляраў (зніжэнне на 18,6%).
На экспарт пастаўлена 13 млн тон нафтапрадуктаў (на 22,7% менш, чым у 2015 годзе) на агульную суму больш за 4 млрд даляраў (зніжэнне па кошце за год на 40,4%).
Як паведаміў 17 лютага старшыня канцэрна „Белнафтахім” Ігар Ляшэнка, на дзейнасць арганізацый канцэрна ў 2016 годзе ўплывалі зніжэнне паставак расійскай нафты і правядзенне Расеяй падатковага манеўру ў нафтавай сферы, пагаршэнне цэнавай кан’юнктуры на рынках збыту, зніжэнне плацежаздольнасці пакупнікоў, рост кошту энергарэсурсаў і курсавых розніц па фінансавых абавязацельствах арганізацый канцэрна ў выніку дэвальвацыйных працэсаў.
Паводле словў Ляшэнкі, падзенне экспарту абумоўлена двума асноўнымі фактарамі: зніжэннем каціровак на нафту ў 2016 годзе на 18,5%, што, у сваю чаргу, выклікала падзенне цэн на асноўныя тавары хімічнай галіны, а таксама абмежаваннем аб’ёму паставак расейскай нафты на перапрацоўку на беларускія НПЗ у другім паўгоддзі 2016 года, з-за чаго пастаўкі нафтапрадуктаў на знешнія рынкі па выніках 2016 года знізіліся на 22,7%.
Перамовы паміж Масквой і Менскам пра ўмовы ўрэгулявання нафтагазавай спрэчкі доўжыліся практычна ўвесь 2016 год, аднак да канкрэтных вынікаў пакуль не прывялі.
Беларускія ўлады настойваюць на тым, што кошт расейскага газу ў даляравым эквіваленце павінен быць зніжаны, з чым нязгодны расейскі бок. З другой паловы 2016 года, рэагуючы на нявыплату Беларуссю ў поўным аб’ёме кошту газу, расейскі ўрад прыняў рашэнне скараціць пастаўкі нафты ў краіну.
Паводле дзейных пагадненняў Расея павінна была паставіць у Беларусь за год 23 млн тон нафты.