Імпарт спажывецкіх тавараў скараціўся на 20%



Беларусь скараціла імпарт спажывецкіх тавараў у 2015 годзе на 21,7% у параўнанні з 2014 годам, да 7,18 млрд. долараў, сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі.

У мінулым годзе аб’ёмы спажывецкага імпарту скараціліся ва ўсіх рэгіёнах Беларусі. Найбольшае зніжэнне адбылося ў Гарадзенскай і Магілёўскай абласцях, якія скарацілі спажыванне тавараў замежнай вытворчасці на 26,4% і 36,7%, да 152,6 млн. і 111 млн. долараў адпаведна.

У Менску імпарт спажывецкіх тавараў у 2015 годзе знізіўся на 16,% да 3,73 млрд. долараў, у Менскай вобласці — на 9,8% да 1,6 млрд. долараў, у Гомельскай — на 15,8% да 102,8 млн. долараў, у Віцебскай на 22,6% да 171,7 млн. долараў.

Значнае скарачэнне спажывецкага імпарту ў 2015 годзе звязана з падзеннем даходаў насельніцтва, лічаць эксперты.

„Усплёск спажывецкай актыўнасці ў Беларусі застаўся ў мінулым, а магчымасці для падтрымкі ўнутранага попыту ў бягучых умовах вельмі абмежаваныя”, — адзначалі ў студзеньскім эканамічным аглядзе аналітыкі расійскага „Ашчадбанка”.

Нагадаем, зарплата беларускіх работнікаў у сярэднім за 2015 год склала 6,72 млн. рублёў, у тым ліку ў снежні — 7,42 млн. рублёў.

У параўнанні са снежнем 2014 года намінальная зарплата павялічылася на 9,1%. У той жа час сярэдні курс долара ў аналізаваны перыяд вырас на 66,9% (са снежня 2014 года па снежань 2015 года). Як следства, сярэдні заробак у доларавым выражэнні знізіўся з 622 долараў у снежні 2014 года да 406,1 долара ў снежні 2015 года.

Беларускія эканамісты не выключаюць, што з улікам захавання нізкіх цэн на нафту і дэвальвацыі рубля, якая працягваецца на гэтым фоне, зарплаты ў краіне ў доларавым выражэнні могуць працягваць зніжацца.

belapan.by