Імпарт спажывецкіх тавараў у Беларусь знізіўся на фоне дарагіх крэдытаў



Імпарт спажывецкіх тавараў у Беларусь сёлета працягвае скарачацца, сведчаць афіцыйныя статзвесткі.

Паводле вынікаў студзеня-лютага імпарт харчовых і нехарчовых тавараў склаў 1,2 млрд даляраў і скараціўся на 8,6% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года (паводле вынікаў студзеня падзенне склала 5,1%).

У тым ліку імпарт харчовых тавараў у студзені—лютым склаў 391,6 млн даляраў і знізіўся на 9,7% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, а імпарт нехарчовых тавараў склаўся на ўзроўні 818 млн долараў і скараціўся на 8%.

На думку эканамістаў, скарачэнне імпарту абумоўленае зніжэннем у Беларусі ўнутранага попыту, што звязана са змяншэннем даходаў (у доларавым эквіваленце) насельніцтва, а таксама высокімі стаўкамі па спажывецкіх крэдытах.

„Да 2020 года крэдытаванне насельніцтва выступала адным з ключавых драйвераў павелічэння ўнутранага попыту. Высокія стаўкі па крэдытах для насельніцтва, якія існуюць апошнія паўгода, відавочна стрымліваюць унутраны попыт”, — адзначыла ў каментары БелаПАН навуковы дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ Ірына Тачыцкая.

У першым квартале найбуйнейшыя банкі краіны выдавалі спажывецкія крэдыты па стаўцы 25% гадавых. На фоне дарагіх крэдытаў значна скараціўся продаж тавараў, якія ў асноўным імпартуюцца (легкавых аўтамабіляў, тэлевізараў, халадзільнікаў і маразільнікаў).

Паводле апошніх звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у першым квартале было прададзена 4.634 новыя легкавыя аўтамабілі, што на 62,5% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года, тэлевізараў — 71.165, або на 8,8% менш.

Акрамя таго, у 2021 годзе назіраецца сур’ёзнае скарачэнне продажу халадзільнікаў і маразільнікаў, дзве траціны якіх імпартуецца. За студзень—сакавік у Беларусі было прададзена 32.139 адзінак гэтай тэхнікі, што на 19,9% менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.

belapan.by