Імпартазамяшчэнне па-беларуску



Складанасці з пастаўкамі і сыход еўрапейскіх брэндаў падштурхнулі беларускіх вытворцаў больш актыўна заняцца імпартазамяшчэннем. Што сёлета выпусцілі беларускія заводы замест імпарту, Office Life паглядзеў на выставе “Прадэкспа”. Да прыкладу, у асартыменце Ляхавіцкага кансервавага завода з’явілася лінейка прадуктаў пад маркай “Птушачка-Ляхавічка”. У ёй – вядомы соус песта. Раней у беларускіх крамах ён быў пераважна італьянскі. Сыр і базілік для песта бяруць айчыннай прадукцыі, толькі кедравыя арэхі закупляюць у Расеі. Акрамя песта, завод пачаў марынаваць струковы востры перац, белую і зялёную спаржу і нават слівы. На экспарт прадукцыю пакуль не пастаўляюць. Купіць яе можна ў асноўным у Берасцейскай вобласці і Менску. Жэлейныя цукеркі з рознымі смакамі – раней такой прадукцыі ў партфелі беларускіх вытворцаў было не надта шмат, а цяпер фабрыка “Слодыч” мае шырокі іх асартымент. Таксама да імпартазамяшчэння далучыўся Менскі малочны завод №1, які стаў выпускаць раслінныя напіткі замест звычайнага малака. Іх два віды – какосавы і аўсяны. А фабрыка “Камунарка” парадавала беларускімі снікерсамі – батончыкамі з салёнай карамеллю, арахісам, міндалем і фундуком пад маркай “Зарадзіся”. Перад Новым годам дызайн пакавання зрабілі больш святочным, а батончык выпусцілі ў міні-фармаце.

***

Беларусь апынулася ў спісе краін з самымі нізкімі цэнамі на яблыкі, заўважыў Myfin.by. Эксперты агенцтва Energyprom (Казахстан) высветлілі, што па стане на 13 лістапада танней за ўсё кілаграм яблык каштаваў ва Украіне (0,69 даляра). Далей ідуць Паўночная Македонія (0,80 даляра) і Польшча (0,90 даляра). У Беларусі сярэдняя цана кілаграма яблык выйшла на адным узроўні з Іранам — 0,95 даляра. А самыя дарагія яблыкі ў свеце — у Паўднёвай Карэі (6,71 даляра), Пуэрта-Рыка (5,96 даляра) і Злучаных Штатах Амерыкі (5,36 даляра).

***

Асацыяцыя беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) адкрыла прадстаўніцтва ў Крамянёвай даліне (штат Каліфорнія, ЗША). Узначаліў прадстаўніцтва дарадца ABBA, прадпрымальнік Мікалай Мурзянкоў, паведаміла арганізацыя ў сваім телеграм-канале. “Мы запрашаем бізнесменаў з беларускімі каранямі звяртацца ў АВВА з пытаннямі і прапановамі. Вы можаце паўдзельнічаць у падрыхтоўцы беларускага бізнес-форуму ў Вашынгтоне, сустрэцца ў нашым прадстаўніцтве, каб абмеркаваць патрэбы беларускага бізнесу ў ЗША”, — гаворыцца ў паведамленні. 20 верасня віцэ-прэзідэнт ABBA Марына Гірын анансавала правядзенне ў пачатку 2024 года ў Вашынгтоне беларускага бізнес-форуму. Адпаведную заяву яна зрабіла, падводзячы вынікі III Беларускага бізнес-форуму ў Варшаве.

Крамянёвая даліна (іншая назва — Сіліконавая даліна) — неафіцыйная назва рэгіёна ў Сан-Францысцкай затоцы ў Каліфорніі. Рэгіён атрымаў такую назву, таму што там размешчана вельмі шмат вядомых высокатэхналагічных кампаній.

***

У ЛІТВУ Ў ГЭТЫМ ГОДЗЕ ПЕРЕЕХАЛІ ПРАЦАВАЦЬ 62 ТЫС. ЗАМЕЖНАЎ. Траціна – З БЕЛАРУСІ Найбольш іх з Беларусі (амаль 18,5 тыс.) і Украіны (амаль 16 тыс.), піша Delfi. Усяго ў краіне на пачатак года пражывала каля 2 млн. 860 тыс. чалавек. Часцей за ўсё замежнікі едуць у Літву працаваць дальнабойшчыкамі – на рынку іх больш за 22 тыс. чалавек, гэта траціна ад усіх замежных работнікаў.

***

У гэтым годзе прыехала шмат зваршчыкаў, бетоншчыкаў, прыбіральшчыкаў, электрыкаў, тынкоўшчыкаў, кухараў. А летась найбольш дазволаў на працу было выдадзена айцішнікам. Апроч беларусаў і ўкраінцаў, у Літву едуць працаваць з Узбекістана, Кыргызстана, Таджыкістана, Казахстана, Румыніі, Азербайджана, Індыі і Расеі. Заработная плата замежнікаў у Літве за дзевяць месяцаў гэтага года вагалася ад €750 да €5 тыс.

Беларускае Радыё Рацыя