Імпартныя лекі могуць знікнуць з айчынных аптэк
З беларускіх аптэкаў могуць знікнуць імпартныя лекі, аналагі якіх ёсць у Беларусі. Пра гэта паведамляецца на сайце Хартыя-97. Імпартныя лекі, паводле інтэрнэт-рэсурсу, ужо не прымаюцца ў айчынныя кантрольна-аналітычныя лабараторыі на хімічны аналіз. У аптэках пакуль пра гэта не ведаюць. А бальніцы ўжо год працуюць толькі на беларускіх леках, адзначыла нам берасцейская лекарка:
– Нашы лекі значна таннейшыя за імпартныя. З уласнага досведу магу сказаць, што ўжо цягам года ў нашай бальніцы ўсе на беларускіх прэпаратах. І лечацца людзі. А калі не папраўляецца чалавек, то тут і імпартныя лекі не дапамогуць.
Людзі па-рознаму ўспрымаюць такую інфармацыю. Некаторыя лічаць адсутнасць выбару лекаў дыскрымінацыяй:
– Давяраю беларускім вытворцам. Дарэчы, і цана добрая, а склад той жа самы, што ў імпартных.
– Нашы лекі брудныя, проста брудныя. Імі проста немагчыма лячыцца. У мяне мама на гармонах, таму я ведаю, пра што кажу. Прынамсі нашымі беларускімі гармонамі карыстацца проста немагчыма. У іх настолькі шмат пабочных эфектаў, што прасцей памерці.
– Тое, што рэжым закрывае імпарт лекаў, сведчыць пра тое, што ён хоча быць манапалістам на гэтым рынку. Зноў жа, вядома, у Беларусі ажыццявіць кантроль якасці лекаў, прасачыць, з чаго яны робяцца, па якіх стандартах, наколькі яны лекі і якая ад іх шкода, проста немагчыма.
Праваабаронца з Берасця Уладзімір Вялічкін магчымую адсутнасць імпартных лекаў лічыць праблемай. Да праваабаронцаў па дапамогу звяртаюцца інваліды, якім лекары адмаўляюцца выпісваць бясплатныя імпартныя лекі. Выпісваюць толькі беларускія.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота notasincreibles.net