Індэкс эканамічных настрояў у красавіку пагоршыўся ўтрая



Зводны індэкс эканамічных настрояў, які разлічваецца Нацыянальным банкам Беларусі, у красавіку склаў мінус 17,3%, што ў 3 разы горш, чым у сакавіку, калі ён быў роўны мінус 5,6%.

Адмоўнае значэнне індэкса сведчыць аб негатыўных чаканнях топ-менеджменту беларускіх прадпрыемстваў, якія Нацбанк апытвае ў рамках рэгулярнага маніторынгу.

Пры гэтым у прамысловасці індэкс эканамічных настрояў у красавіку пагоршыўся да мінус 13,2% (супраць мінус 4,3% у сакавіку).

У сферы гандлю індэкс эканамічных настрояў пагоршыўся ў 16 разоў (з мінус 1% у сакавіку да 16,2% у красавіку).

У будаўніцтве індэкс эканамічных настрояў у красавіку склаў мінус 16,1% (у сакавіку — мінус 6,3%).

У транспарце індэкс эканамічных настрояў у красавіку вырас да мінус 37,6% супраць мінус 17,1% у сакавіку.

Індэкс эканамічных настрояў Нацыянальны банк разлічвае для маніторынгу эканамічнай актыўнасці ў Беларусі. Значэнне гэтага індэкса ўяўляе сабой сярэдняе геаметрычнае ўзважанае значэнне індэкса эканамічных настрояў прамысловасці, будаўніцтва, гандлю і транспарту. Вагамі пры ўзважванні выступаюць долі прамысловасці, будаўніцтва, транспарту і гандлю ў валавым унутраным прадукце.

Для разліку індэксаў спецыялісты Нацбанка запытваюць у прадпрыемстваў звесткі аб дынаміцы заказаў на знешнім і ўнутраным рынку, аб змене аб’ёмаў нерэалізаванай прадукцыі і чаканых зменах бізнес-паказчыкаў прадпрыемстваў.

У сувязі з пандэміяй каронавіруса вясной гэтага года пачаўся глабальны эканамічны крызіс.

Міжнародны валютны фонд прагназуе, што з-за скарачэння ўнутранага і знешняга попыту на беларускую прадукцыю ВУП Беларусі ў 2020 годзе паменшыцца на 6%.

belapan.by