Індэкс рэзіліентнасці Беларусі: сітуацыя ва ўсіх сферах значна пагоршылася
Вынікі сёлетняй ацэнкі сітуацыі ў Беларусі ў розных сферах падчас адмысловай анлайн-прэзентацыі «Наколькі ўразлівая Беларусь як складаная сістэма? Індэкс рэзіліентнасці 2023» прадставіла даследчыца Цэнтра Новых Ідэй Леся Руднік:
-Беларусь як адзіная сістэма, вельмі ўразлівая. Большасць сфер, паказчыкаў і індыкатараў знаходзяцца ў абсалютна крытычным становішчы. У гэтым годзе ўлады Беларусі далучыліся да агрэсіі супраць Украіны. І гэта яшчэ больш пагоршыла сітуацыю ў палітычнай, інфармацыйнай, грамадскай і палітычнай сферах. Нягледзячы на тое, што ацэнкі таго, наколькі Беларусь уцягвалася ў вайну, адносяцца да ваеннай сферы, канешне ж, яны маюць пэўны ўплыў і на развіццё сітуацыі ў іншых сферах.
Паводле эксперткі, адмоўныя паказнікі ўказваюць на тое, што сістэмны крызіс ва ўсіх сферах дзейнасці ў Беларусі будзе складаней вырашаць з кожным годам. Агульнае значэнне Індэкса рэзіліентнасці для краіны складае -2,17, што з’яўляецца пагаршэннем леташняга значэння (-1,88).
Беларускае Радыё Рацыя