Індывідуальныя прадпрымальнікі вяртаюцца на рынкі



Jaskievicz_10Большая частка індывідуальных прадпрымальнікаў у гарадах Беларусі аднаўляюць працу пасля забастоўкі, што пачалася 1 ліпеня ў знак пратэсту супраць увядзення ўказа прэзідэнта № 222, які істотна ўскладняе ўмовы дзейнасці ІП.

Прадпрымальнікі Віцебска, Гродна, Бабруйска, Слуцка і Салігорска аднавіцлі працу, паведаміла старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюза „Разам” Ірына Яскевіч.

– Мы выходзім на працу, людзям патрэбны грошы. Мы разумеем, што тэрміны зацягваюцца. І ў гэтай гульні, на жаль, мы прайграем. Будзем выкарыстоўваць магчымасць працы з рэшткамі тавару. Але мы не самараспусціліся. Мы трымаем сітуацыю пад кантролем, мы яднаемся.

Указ № 222, што набыў моц 1 ліпеня, абавязвае ІП мець сертыфікаты і суправаджальныя дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь пасля гэтай даты. Да 1 сакавіка 2015 года ўстаноўлены пераходны перыяд, на працягу якога ІП могуць распрадаваць без суправаджальных дакументаў рэшткі тавараў, увезеных да ўваходжання ўказа ў сілу.

 Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя