Індывідуальныя прадпрымальнікі збіраюцца на форум у Менску
Сёння, 30 чэрвеня, у Менску адбудзецца форум пад назвай «Выбар прадпрымальнікаў — цывілізаваная сучасная рынкавая эканоміка». На ім індывідуальныя прадпрымальнікі абмяркуюць наступствы прэзідэнцкага ўказа № 222, які ўступае ў сілу 1 ліпеня і забавязвае прадпрымальнікаў мець сертыфікаты і дакументы на ўсе тавары, якія будуць увозіцца імі ў Беларусь пасля 1 ліпеня. Пра гэта паведаміў адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў:
– Мэта форуму – выхаванне малога бізнесу ў Рэспубліцы Беларусь, развіццё прадпрымальніцтва. Тэма форуму – гэта славуты ўказ № 222, які забараняе з 1 ліпеня ўвоз прадпрымальнікамі тавараў без накладных і сертыфікатаў. Акцыі пратэсту ўжо пачаліся. Напрыклад, нулявая дэкларацыя. Гэта азначае, што падаткі не аплачаны за ліпень і прадпрымальнікі не будуць працаваць.
Улады ўстанавілі пераходны перыяд да 1 сакавіка 2015 года, у час якога прадпрымальнікі могуць распрадаваць без суправаджальных дакументаў рэшткі тавараў, увезеных да ўступлення ўказа ў сілу. Гэта невялікая палёгка нікога не задавальняе і арганізатары форуму не выключаюць, што адбудуцца масавыя акцыі пратэсту, хоць, хутчэй за ўсё, гэта будуць спантанныя акцыі.
Кастусь Бандарук, Беларускае Радыё Рацыя
Фота netcred.ru