Інфляцыйныя чаканні знізіліся ў беларусаў да 11,6%



Інфляцыйныя чаканні насельніцтва ў лютым 2019 года знізіліся да 11,6%, сведчаць дадзеныя апытання Нацыянальнага банка.

Такі ўзровень інфляцыі чакаюць рэспандэнты ў бліжэйшыя 12 месяцаў.

Апытанні насельніцтва з мэтай вымярэння інфляцыйных чаканняў Нацбанк праводзіць штоквартальна, а з лістапада 2017 года стаў іх публікаваць.

Варта зазначыць, што падчас папярэдняга апытання (у лістападзе 2018 года) інфляцыйныя чаканні былі некалькі вышэйшымі — 12,6%.

Доля рэспандэнтаў, якія чакаюць, што цэны будуць расці гэтак жа інтэнсіўна, павялічылася ў лютым 2019 года да 64,8% (з 62,6% у лістападзе 2018 года). Доля тых, хто чакае, што рост цэн паскорыцца, знізілася да 15% у лютым супраць 16,9% у лістападзе 2018 года.

Паводле звестак Нацбанка, у лютым 2019 года ацэнка адчуванага насельніцтвам узроўню інфляцыі склала 12,5% супраць 12,9% у лістападзе 2018 года. Пры гэтым доля рэспандэнтаў, якія лічаць, што цэны выраслі „вельмі моцна”, павялічылася з 45,8% у лістападзе 2018 года да 49,4% у лютым 2019 года.

Нагадаем, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, спажывецкія цэны ў 2018 годзе выраслі на 5,6%. На 2019 год Нацбанк паставіў задачу знізіць інфляцыю да 5%.

Пры гэтым цэнтральны банк мае намер у сярэднетэрміновай перспектыве зніжаць і ўзровень інфляцыйных чаканняў.

Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Нацбанка Дзмітрый Мурын, адказваючы на пытанні БелаПАН падчас лютаўскай прэс-канферэнцыі, паведаміў, што рэгулятар плануе прымаць меры, накіраваныя на зніжэнне ўзроўню інфляцыйных чаканняў.

„Сярэднетэрміновая мэта — замацаваць велічыню інфляцыйных чаканняў на ўзроўні фактычнай інфляцыі. Адпаведна наша задача — задаць трэнд зніжэння інфляцыйных чаканняў да ўзроўню фактычнай інфляцыі”, — паведаміў Дзмітрый Мурын.

belapan.by