Інфляцыя ў 2018 годзе можа скласці 7%



У 2018 годзе інфляцыя ў Беларусі можа скласці 7%. Такое меркаванне выказаў дырэктар форэкс-кампаніі „Альпары Еўразія” Аляксандр Сабодзін, адказваючы на пытанні падчас анлайн-канферэнцыі 22 лістапада ў агенцтве БелТА.

У гэтым пытанні я падзяляю прагноз урада і Нацыянальнага банка, пры ўмове калі не будзе шокавых знешніх фактараў, напрыклад рэзкага зніжэння кошту нафты. У наступным годзе не варта чакаць інфляцыю вышэй за 7%”, — мяркуе Сабодзін.

Пры гэтым ён чакае, што ў асноўным інфляцыя ў наступным годзе будзе звязаная з павышэннем цэн, якія рэгулююцца дзяржавай. „Драйверам росту інфляцыі ў Беларусі застаецца рост тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі і паслугі транспарту для насельніцтва, якія рэгулююцца адміністрацыйна„, — лічыць Сабодзін.

Як паведамлялася, у кастрычніку 2017 года інфляцыя ў Беларусі склала 1,2%, з пачатку года — 3,9%, у гадавым выражэнні — 5,3% (у параўнанні з кастрычнікам 2016-га). Нацыянальны банк чакае, што паводле вынікаў гэтага года інфляцыя складзе 6-7%.

У 2018 годзе, як заявіў 21 лістапада на нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў, інфляцыя чакаецца на ўзроўні не вышэй за 7%.

У краінах Еўразвязу, згодна з прагнозам МВФ, інфляцыя ў 2017 годзе складзе 1,5%.

На найбліжэйшыя гады зніжэнне інфляцыі да 1,5-2% не варта прагназаваць. Каб інфляцыя ў Беларусі была як у Еўрасаюзе, трэба вырашыць шмат структурных пытанняў. У тым ліку неабходна стварыць адпаведнае канкурэнтнае асяроддзе, а гэта патрабуе перагляду рэгулявання існых натуральных манаполій, алігаполій„, — паведаміў БелаПАН суразмоўца ў органах дзяржкіравання

Паколькі, дадаў ён, структурныя пытанні хутка вырашыць не атрымаецца, інфляцыя ў Беларусі будзе захоўвацца прыкладна на існым узроўні.

Для нашай краіны рэальныя лічбы па інфляцыі на найбліжэйшыя гады — 4-5%, а далей усё будзе залежаць, як будуць вырашацца структурныя пытанні ў эканоміцы„, — адзначыў суразмоўца.

Раней беларускія ўлады паставілі задачу па зніжэнні інфляцыі да 5%. Гэтая мэта вызначаная праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016—2020 гады. БелаПАН