Інфляцыя ў 2018 годзе склала 5,6%



На 0,8% выраслі ў Беларусі спажывецкія цэны ў снежні ў адносінах да лістапада 2018 года, за 2018 год інфляцыя склала 5,6%, паведаміў Белстат.

Харчовыя тавары за месяц падаражэлі на 1,2%, нехарчовыя — патаннелі на 0,1%, паслугі падаражэлі на 1,02%.

Харчовыя тавары за 2018 год сталі даражэйшыя на 5,7%, нехарчовыя — на 3,8%, тарыфы на паслугі павысіліся на 8,1%.

У 2017 годзе інфляцыя склала 4,6%.

Паводле асноўных кірункаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год спажывецкія цэны павінны былі павялічыцца не больш чым на 6%. Паводле апошняй ацэнкі Нацбанка, інфляцыя прагназавалася на ўзроўні 5,5%.

Пра тое, што інфляцыя ў Беларусі ў 2019 годзе чакаецца на ўзроўні не вышэйшым за 5%, заявіў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур 26 лістапада па выніках дакладу Аляксандру Лукашэнку.

Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, у 2019 годзе захаваецца пераемнасць грашова-крэдытнай палітыкі, якая праводзілася ў папярэднія гады. „Рэжым манетарнага таргетавання будзе спрыяць забеспячэнню цэнавай стабільнасці. Інфляцыя прадугледжваецца не большай за 5%”, — сказаў Калаур.

БелаПАН