Інфляцыя ў 2020 годзе ў Беларусі можа скласці прыблізна 10%
У 2020 годзе інфляцыя перавысіць афіцыйны прагноз і можа скласці прыблізна 10%. Такое меркаванне выказалі БелаПАН эксперты, каментуючы тэмпы росту цэн на спажывецкім рынку.
Як паведамлялася, улады паставілі на 2020 год задачу ўтрымаць інфляцыю ў межах 5%. Аднак фактычна за першы квартал спажывецкія цэны ўжо выраслі на 2,7%.
«Пра ўтрыманне інфляцыі ў межах 5% сёлета можна ўжо забыць. Гэта афіцыйны прагноз, які быў вызначаны летась і не прадугледжваў ні ўзнікнення глабальнага эканамічнага крызісу, ні пандэміі, ні рэзкіх скачкоў на валютным рынку», – заявіў у размове з карэспандэнтам БелаПАН старшы аналітык «Альпары» Вадзім Іосуб.
На яго думку, сёлета інфляцыя будзе вышэйшая за афіцыйную прагназаваную. «З улікам сённяшніх тэндэнцый можна выказаць меркаванне, што спажывецкія цэны ў 2020 годзе вырастуць на 8–12%», – лічыць Іосуб.
Падобных ацэнак прытрымліваюцца і іншыя эксперты.
«Паводле вынікаў красавіка інфляцыя ў гадавым вымярэнні ўжо перавысіць 5%, а паводле вынікаў года можна выказаць думку, што спажывецкія цэны вырастуць да 10%», – адзначыў у каментары БелаПАН фінансавы аналітык Аляксандр Муха.
На яго меркаванне, інфляцыя ў 2020 годзе будзе вышэй за чаканую, бо адбыўся моцны скачок курсу на валютным рынку, які з цягам часу трансфармуецца ў рост спажывецкіх цэн.
«Зніжэнне пакупніцкай здольнасці беларускіх зарплат будзе стрымліваць інфляцыю, знізіцца попыт на нехарчовыя тавары. Фактычны ўзровень спажывецкіх цэн, які складзецца сёлета, будзе значна залежаць ад ураджаю і цэн на прадукты харчавання», – прагназуе Муха.
Эксперты таксама мяркуюць, што сёлета асноўную ўвагу Нацыянальны банк будзе надаваць не столькі інфляцыі, колькі пытанням фінансавай стабільнасці.
Нагадаем, МВФ чакае, што беларуская эканоміка сёлета можа скараціцца на 6%, і на гэтым фоне могуць абвастрыцца крэдытныя рызыкі, рэалізацыя якіх здольная негатыўна адбіцца на фінансавай устойлівасці банкаў, мяркуюць фінансавыя аналітыкі.
«На фоне тых праблем, якія ўзніклі для фінансавай стабільнасці ў краіне, пытанне інфляцыі не ключавое. Адбыўся глабальны крызіс, і гэта дае індульгенцыю Нацбанку на невыкананне мэты па інфляцыі», – падкрэсліў у каментары БелаПАН Іосуб.