Інфляцыя ў Беларусі з пачатку года склала 1,7%



Паводле звестак Белстата, у сакавіку 2017 года індэкс спажывецкіх цэн у адносінах да лютага вырас на 0,3%, у параўнанні са снежнем 2016 года — на 1,7%.

У студзені цэны выраслі на 0,9%, лютым — на 0,5%.

Цэны на харчовыя тавары ў сакавіку ў параўнанні з лютым знізіліся ў сярэднім на 0,1% (з пачатку года — выраслі на 1,5%). Нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,3% (з пачатку года — на 1,1%), паслугі падаражэлі на 1,2% (на 3%).

Афіцыйны прагноз уладаў прадугледжвае інфляцыю ў 2017 годзе ў межах 9%. За 2016 год інфляцыя склала 10,6% пры прагнозе 12%. За 2015 год гэты паказчык склаў 12% пры аналагічным афіцыйным прагнозе. За апошнія 10 гадоў мінімальны ўзровень інфляцыі назіраўся ў 2006 годзе — 6,6%, максімальны — у 2011-м — 108,7%.

На думку аналітыкаў Еўразійскага банка развіцця, павышэнне тарыфаў на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі і павышаныя інфляцыйныя чаканні, якія захоўваюцца, будуць асноўнымі крыніцамі інфляцыйнага націску ў Беларусі ў пачатку 2017 года. „Аднак, як паказаў 2016 год, правядзенне збалансаванай грашова-крэдытнай палітыкі пры адсутнасці знешніх шокаў здольнае нейтралізаваць падобныя інфляцыйныя ўсплёскі і ўтрымаць інфляцыйную дынаміку ў межах мэтавага арыенціра Нацыянальнага банка Беларусі”, — лічаць аналітыкі. Яны прагназуюць да снежня 2017 года інфляцыю на ўзроўні 9,3% у адносінах да снежня папярэдняга года з наступным зніжэннем да 7% у 2018 годзе і да 6% — у 2019 годзе.

Паводле прагнозу аналітыкаў кампаніі Sberbank CIB — інвестыцыйнага падраздзялення расійскага „Ашчадбанка”, сёлета інфляцыя ў Беларусі можа істотна замарудзіцца ў параўнанні з 2016-м. „У 2017 годзе ўнутранае спажыванне насельніцтва застанецца пад націскам на фоне скарачэння рэальных даходаў, што перашкодзіць росту інфляцыі да двухзначнага ўзроўню. Мы чакаем, што сёлета інфляцыя ў Беларусі замарудзіцца да менш як 7%”, — лічаць эксперты Sberbank CIB.

БелаПАН