Інфляцыя ў Беларусі з пачатку года склала 8,5%
Спажывецкія цэны ў Беларусі ў кастрычніку 2021 года ў параўнанні з вераснем выраслі на 0,9%, у параўнанні са снежнем 2020-га — на 8,5%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
У гадавым вымярэнні інфляцыя ў кастрычніку склала 10,5% (у верасні — 10,3%). У кастрычніку адносна верасня цэны на харчовыя тавары выраслі на 1,4% (з пачатку года — на 9,3%, за апошнія 12 месяцаў — на 12,1%), на нехарчовыя — на 0,6% (9,1 і 10%), на паслугі — на 0,4% (6,3 і 8,6%).
Для параўнання: спажывецкія цэны ў кастрычніку 2020 года ў параўнанні з вераснем выраслі на 0,6%, да ўзроўню снежня 2019-га — на 5,4% (у гадавым вымярэнні інфляцыя склала 6,2%), а ў цэлым за 2020 год інфляцыя дасягнула 7,4% пры афіцыйным прагнозе 5%. У 2021 годзе ўлады прагназавалі інфляцыю таксама не вышэйшую за 5%.
Еўразійскі банк развіцця ў штотыднёвым аглядзе эканомік краін ЕАЭС прагназуе гадавую інфляцыю ў Беларусі на ўзроўні 10% і павышэнне стаўкі рэфінансавання да гэтага значэння.
„На росце спажывецкіх цэн, хутчэй за ўсё, працягвае адбівацца перанос узрослых выдаткаў вытворцаў, а таксама высокія інфляцыйныя чаканні. ЕАБР захоўвае прагноз знаходжання гадавой інфляцыі вышэй за 9% аж да лістапада ўключна і яе запаволення да 8,7% у снежні”, — гаворыцца ў аглядзе.
Пры гэтым зніжэнне ўраджайнасці зерневых культур на 16% у параўнанні з папярэднім годам, на думку спецыялістаў банка, з’яўляецца адной з інфляцыйных рызык.
Нацыянальны банк Беларусі чакае, што да канца 2022 года гадавая інфляцыя знізіцца да 6%. Сёлета рэгулятар прагназуе прырост цэн на ўзроўні 9%.