Інфляцыя ў лістападзе склала 0,6%, з пачатку года — 4,8%



На 0,6% выраслі ў Беларусі спажывецкія цэны ў лістападзе ў дачыненні да кастрычніка 2018 года, паведаміў Белстат.

Харчовыя тавары за месяц падаражэлі на 1,2%, нехарчовыя — на 0,02%, паслугі патаннелі на 0,04%.

З пачатку года цэны павялічыліся ў цэлым на 4,8%. Харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 4,5%, нехарчовыя — на 3,9%, тарыфы на паслугі павысіліся на 6,8%.

У лістападзе 2017 года цэны выраслі на 1,5%.

Згодна з асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год спажывецкія цэны павінны павялічыцца не больш чым на 6%. Паводле апошняй ацэнкі Нацбанка, інфляцыя будзе каля 5,5%.

Пра тое, што інфляцыя ў Беларусі ў 2019 годзе чакаецца на ўзроўні не вышэйшым за 5%, заявіў журналістам старшыня праўлення Нацыянальнага банка Павел Калаур 26 лістапада па выніках даклада Аляксандру Лукашэнку.

Паводле слоў кіраўніка Нацбанка, у наступным годзе захаваецца пераемнасць грашова-крэдытнай палітыкі, якая праводзілася ў папярэднія гады. „Рэжым манетарнага таргетавання будзе садзейнічаць забеспячэнню цэнавай стабільнасці. Інфляцыя прадугледжваецца не большай за 5%”, — сказаў Калаур.

belapan.by