Інфляцыя ў сакавіку ўзляцела да 6,1%



Сакавік у Беларусі быў адзначаны рэзкім ростам тэмпаў інфляцыі. Індэкс спажывецкіх цэн у параўнанні з лютым падскочыў да 6,1%. Такія тэмпы інфляцыі апошні раз адзначаліся ў 2011 годзе.

Для параўнання, у 2020 годзе інфляцыя за цэлы год склала 7,4%, а ў 2021-м – без малога 10%. Трэба адзначыць, што ўказам Лукашэнкі „Аб важнейшых параметрах прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2022 год” Нацбанку і Саўміну было даручана прыняць меры па абмежаванні ў наступным годзе інфляцыі на ўзроўні 6 працэнтаў. У сакавіку інфляцыя фактычна выканала гадавы „план”, а гадавыя тэмпы прыросту перавысілі мэтавай паказчык у 2,5 разы.

У гадавым выражэнні ў сакавіку ІСЦ вырас на 15,9%, а ў параўнанні са снежнем – на 9,4%.

Базавы індэкс спажывецкіх цэн, які выключае змяненне цэн на асобныя тавары і паслугі, схільны да ўплыву фактараў адміністрацыйнага і сезоннага характару, у сакавіку ў параўнанні з лютым вырас на 7%, а са снежнем мінулага года – на 9,3%.

У сакавіку ў параўнанні з лютым цэны на прадукты харчавання выраслі на 4,2%, на нехарчовыя тавары – на 10,8%, на паслугі – на 3,3%.

У параўнанні са снежнем 2021 года прырост ІСЦ на харчовыя тавары склаў 7,6 працэнта, на нехарчовыя – на 12,1 працэнта, на паслугі – на 8,9 працэнта.

У гадавым выражэнні, у параўнанні з сакавіком 2021-га харчовыя тавары падаражэлі на 15,9%, нехарчовыя – на 18,7%, а паслугі – на 12,7%.

reform.by