Інфляцыя ў студзені склала 0,9%
Спажывецкія цэны ў студзені 2019 года ў параўнанні са снежнем 2018-га выраслі на 0,9%, да студзеня 2018 года — на 5,8%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.
Для параўнання: у студзені 2018 года цэны павялічыліся на 0,8%.
У студзені 2019 года ў дачыненні да снежня мінулага года цэны на харчовыя тавары выраслі на 1,3% (за год — на 6,2%), на нехарчовыя — на 0,7% (на 3,7%), на паслугі — на 0,3% (на 7,8%).
Па выніках 2018 года інфляцыя склала 5,6%.У першым паўгоддзі рост спажывецкіх цэн у гадавым вымярэнні можа быць крыху вышэйшы за прагназаваны ўзровень, сказаў старшыня праўлення Нацбанка Павел Калаур на прэс-брыфінгу 6 лютага. „У першай палове года інфляцыя, паводле нашых ацэнак, можа перавышаць у гадавым вымярэнні мэтавы ўзровень (5%)”, — адзначыў Калаур.
Ён удакладніў, што ў найбліжэйшыя месяцы рост спажывецкіх цэн будзе звязаны з павелічэннем цэн на мясную прадукцыю, павышэннем цэн на аўтамабільнае паліва і ростам заробкаў.
„Да другога паўгоддзя, паводле нашых ацэнак, будзе ліквідаваны ўплыў на інфляцыю цэн на мясную прадукцыю, а таксама ўплыў росту заробкаў. Мы чакаем, што ў 2019 годзе рост заробкаў будзе знаходзіцца на ўзроўні прадукцыйнасці працы”, — падкрэсліў Калаур.
Паводле ацэнак Нацбанка, у першым паўгоддзі велічыня інфляцыі ў гадавым вымярэнні можа знаходзіцца на ўзроўні 2018-га. „Інфляцыя па мінулым годзе склала 5,6%, адпаведна, у першым паўгоддзі (у гадавым выражэнні) яна можа быць і 5,5—5,8%”, — выказаў меркаванне старшыня праўлення Нацбанка.
У выпадку адсутнасці знешніх шокаў, дадаў ён, інфляцыя ў другім паўгоддзі павінна запаволіцца ў параўнанні з першай паловай года. „У той жа час нельга выключаць пагаршэнне эканамічнай сітуацыі ў Расіі ў выпадку ўвядзення антырасійскіх санкцый. Магчымы у гэтым выпадку адток капіталу з рынкаў, якія развіваюцца, можа прывесці да паскарэння інфляцыі ў Расеі”, — растлумачыў кіраўнік Нацбанка.