Інфляцыя за паўгода ў Беларусі склала 3,4%



 Спажывецкія цэны ў чэрвені 2020 года ў параўнанні з траўнем выраслі на 0,2%, да ўзроўню снежня 2019-га — на 3,4%. У гадавым вымярэнні інфляцыя склала 5,2%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт.

У чэрвені ў дачыненні да мая цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,4% (з пачатку года — на 3,2%), на нехарчовыя — знізіліся на 0,2% (выраслі на 3%), на паслугі — выраслі на 0,4% (на 4,2%).

Паводле планаў урада і Нацбанка, інфляцыя ў 2020 годзе не павінна перавысіць 5%.

У траўні ў Беларусі была зафіксаваная дэфляцыя. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Уладзімір Калтовіч разлічвае, што за год атрымаецца ўкласціся ў запланаваныя 5% інфляцыі. „У мяне як у міністра не выклікае ніякіх сумневаў, што гэта будзе так”, — падкрэсліў Калтовіч у гутарцы з журналістамі 26 траўня.

Разам з тым кіраўнік Нацыянальнага банка Павел Калаур, каментуючы ў маі ўзровень інфляцыі, выказаў меркаванне, што за год спажывецкія цэны могуць вырасці на 5—6%. „Паскарэнне росту цэн, якое адбылося ў першым квартале, будзе адлюстроўвацца на гадавой інфляцыі на працягу ўсяго гэтага года. У выніку паводле вынікаў 2020 года яна прагназуецца ў дыяпазоне 5—6%. Чакаецца, што ўжо ў пачатку наступнага года гадавыя тэмпы росту цэн не будуць перавышаць 5%”, — заявіў Калаур.

Згодна з апошнім прагнозам Сусветнага банка, прэзентацыя якога адбылася 26 траўня, у 2020—2021 гадах інфляцыя ў Беларусі можа перавышаць 8% штогод. Так, паводле ацэнак банка, інфляцыя ў 2020 годзе (у параўнанні з папярэднім годам) вырасце на 8,4%, у 2021 годзе — на 8,3%, у 2022-м — на 6,6%.

У 2019 годзе інфляцыя склала 4,7%.

belapan.by