Інвестары папрасілі Расею абмежаваць крэдытаванне Беларусі
Прыватныя расейскія інвестары папрасілі абмежаваць доступ Беларусі да міждзяржаўных крэдытаў і расейскага рынку капіталу з-за нявыплат па раней выпушчаных еўрааблігацыях. Гэта вынікае са звароту на імя намесніка міністра эканамічнага развіцця РФ Дзмітрыя Вольвача, паведамляе РБК.
Аўтарам зваротаў ад імя інвестараў выступае інвестар Аляксандр Марчанкаў, які пазначаны як прадстаўнік ініцыятыўнай групы інвестараў — 200 фізічных асоб і 30 арганізацый, якім належаць беларускія еўрааблігацыі на суму больш за $200 млн. Да выканання абавязацельстваў прадстаўнік ініцыятыўнай групы інвестараў просіць „у найкарацейшыя тэрміны прызнаць Міністэрства фінансаў Беларусі нядобрасумленным пазычальнікам і абмежаваць для яго доступ на рынак капіталу Расеі”. Акрамя таго, Марчанкаў ад імя інвестараў просіць “разгледзець магчымасць абмежавання міждзяржаўнага крэдытавання Беларусі з боку Расеі да поўнага ўрэгулявання запазычанасці перад расейскімі інвестарамі”, піша “Зеркало”.
ВУП Беларусі за дзевяць месяцаў вырас на 3,5%?
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі за дзевяць месяцаў бягучага года павялічыўся на 3,5%, паведамілі ў Нацыянальным статыстычным камітэце. Па звестках ведамства, аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 157,2 мільярда рублёў, а ў супастаўных цэнах — 103,5% да ўзроўню студзеня—верасня мінулага года.
Паводле афіцыйнай ацэнкі, са студзеня да жніўня рост ВУП быў зафіксаваны на ўзроўні 3,1%. У гадавы прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця закладзены рост ВУП у 3,8 працэнта. Дарэчы, мінулы год беларуская эканоміка скончыла з мінусам у 4,7 працэнта. (nashaniva.com)
Звольніцца з працы медыкі змогуць толькі з дазволу выканкама
У Гомельскай вобласці медыкі могуць звольніцца толькі па ўзгадненні з выканкамамі. Гэта распараджэнне мясцовых уладаў, піша “Зеркало”.
Супрацоўніца Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы кажа, што ад новаўвядзення яна і яе калегі былі “мякка кажучы, у шоку”, хоць і не збіраюцца зараз мяняць працу. Пры гэтым нагрузкі ў бальніцы вялізныя з прычыны недахопу супрацоўнікаў — пачынаючы ад санітарак і заканчваючы лекарамі. Раней лекары, каб падзарабіць, бралі ў якасці падпрацоўкі вольныя стаўкі, але нядаўна ім сказалі, што гэтыя нікім не занятыя стаўкі будуць скарачаць. “Атрымліваецца, мы працу будзем рабіць тую ж, а грошай атрымліваць — менш, даплачваць ніхто не збіраецца”, — распавяла жанчына.
У Рэчыцкай цэнтральнай раённай бальніцы кажуць, што ўзгадненне з выканкамам дзейнічае ва ўсіх раёнах Гомельскай вобласці. Такую меру вялі, “каб не было цякучкі кадраў”. Тое самае сказалі ў Галоўным упраўленні аховы здароўя Гомельскага аблвыканкама. Медыкі з іншых рэгіёнаў краіны пра такое новаўвядзенне пакуль не паведамлялі.
Беларускае Радыё Рацыя