Інвестары са Славакіі зацікавіліся Нямноўскай ГЭС
Славацкія бізнесмены гатовыя ўкласці грошы ў будаўніцтва Нямноўскай гідраэлектрастанцыі пад Гародні. Гэтае пытанне абмяркоўвалася на сустрэчы надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Славакіі ў Беларусі Ёзафа Мігаша са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым 17 жніўня ў Гародні.
Згодна з праектам, Нямноўскую ГЭС плануецца пабудаваць за 20 кіламетраў ад абласнога цэнтра, у раёне Аўгустоўскага канала, прыкладна за 5-6 кіламетраў ад мяжы з Літвой. Праектная магутнасць — прыблізна 20 МВт, у сярэднім ГЭС здолее вырабляць 113 млн кВт•ч электраэнергіі ў год. Гэтага хопіць, каб забяспечыць электрычнасцю два невялікія райцэнтры з раёнамі.
Для забеспячэння прапускной здольнасці Нёмана прадугледжваецца магчымасць будаўніцтва ў створы ГЭС суднаходнага шлюза, а таксама рыбапрапускных збудаванняў. Арыенціровачны кошт будаўніцтва — 130 млн даляраў.
Праект плануюць рэалізаваць з дапамогай прамых замежных інвестыцый Міністэрства энергетыкі Беларусі і ДУП „Гародняэнерга”. У розныя гады ім цікавіліся кампаніі з Кітая, Турцыі, Польшчы, Італіі і Славакіі, але ні з адной з іх інвестыцыйны дагавор падпісаны не быў. Магчыма, патэнцыйных партнёраў не задавальняла схема ўкладання інвестыцый, у адпаведнасці з якой інвестар павінен пабудаваць ГЭС і выкарыстоўваць яе на працягу не больш як 15 гадоў, каб вярнуць укладзеныя грошы, а затым перадаць дзяржаве.
Як паведаміў прэс-сакратар Гарадзенскага аблвыканкама Віктар Жалезняковіч, рэалізацыя праекта Нямноўскай ГЭС — пытанне не сённяшняга дня. Кіраўніцтва вобласці паведаміла славацкай дэлегацыі і пра іншыя перспектыўныя праекты. Адзін з іх — вытворчасць альтэрнатыўнага паліва (RDF-паліва) з камунальных адходаў. Калі інвестары са Славакіі зацікавяцца праектам, перамовы будуць працягвацца.
На сённяшняй сустрэчы ў аблвыканкаме прысутнічаў мэр славацкага горада Жыліна Ігар Хома, які ўзначаліў афіцыйную дэлегацыю, што прыбыла ў Гародню.
Бакі таксама абмеркавалі магчымасці супрацоўніцтва ў сферы турызму, у тым ліку бязвізавага.