Інвестыцыйны клімат у Беларусі паляпшаецца?
“Інвестыцыйны клімат у Беларусі паляпшаецца”, – так мяркуе кіраўнік польскага Агенцтва інфармацыі і замежных інвестыцый Славамір Майман. Пра гэта, кажа ён, сведчыць усё большая колькасць прадпрыемстваў у Беларусі з удзелам польскага капіталу, якіх цяпер больш, чым нават ва Ўкраіне і Літве, на якую Польшча звяртала асаблівую ўвагу.
Таксама кіраўнік польскага агенцтва называе тыя сферы, якія могуць найбольш зацікавіць польскіх інвестараў:
– Я мяркую, што існуе некалькі сфераў, у якіх польскія прадпрымальнікі (бо менавіта аб прадпрымальніках ідзе размова, а не пра адміністрацыйны рэсурс і ўлады) ўжо „набілі руку”. Гэта найперш харчовы комплекс: пачынаючы ад абсталявання для вытворчасці, праз самую вытворчасць і завяршаючы экспартам прадуктаў харчавання. Гэта ўся інфраструктура, будаўніцтва. Усё часцей можа пабачыць польскія тэхналогіі ў такіх галінах, як ахова навакольнага асяроддзя, у якой мы становімся ўсё больш важкімі і моцнымі ў еўрапейскім маштабе.
Дырэктарка Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Рэспублікі Беларусь Наталля Нікандрава кажа, што для замежных інвестараў ёсць некалькі магчымасцяў у залежнасці ад віду дзейнасці. Гэта і Парк высокіх тэхналогій, і Свабодныя эканамічныя зоны:
– І таксама тое, што мы зараз развіваем і актыўна рэкламуем, гэта беларуска-кітайскі індустрыяльны парк „Вялікі камень”. Таму, думаю, што незалежна ад паходжання кампаніі, заўсёды можна скарыстацца гэтай перавагай і стаць рэзідэнтам парку. Тым больш, што адной з такіх важных перавагаў ёсць атрыманне зямлі ў прыватную ўласнасць. У нас у Беларусі гэта не вельмі пашырана, пераважна зямля перадаецца ў арэнду. Тут жа вось такая ёсць магчымасць, таму чаму б і не паспрабаваць.
На тэрыторыі, адведзенай пад Кітайска-беларускі індустрыяльны парк, у Смалявіцкім раёне Менскай вобласці акурат прадставілі макет парку. У горадзе каля парку, паводле плану, будзе жыць 100 тысяч чалавек. Да парку будзе весці шасціпалосная дарога, а да порта ў Клайпедзе пракладуць чыгунку. Сам парк падзеляць на жылую, прамысловую і лагістычную зоны. Пакуль вядомыя сем будучых рэзідэнтаў парку, ёсць 14 пратаколаў пра намер стаць рэзідэнтамі. Сярод рэзідэнтаў будуць IT-гіганты Huawei і ZTE, машынабудаўнікі Zoomlion і YTO Group.
Паводле ж Нацыянальнага статыстычнага камітэта, сёлета ў першым паўгоддзі замежныя інвестыцыі ў рэальны сектар эканомікі Беларусі склалі 5,7 мільярдаў даляраў, што на 31,2% менш, чым за першае паўгоддзе 2014 года.
Асноўнымі інвестарамі арганізацый краіны былі суб’екты гаспадарання Расеі (39,5% усіх інвестыцый), Злучанага Каралеўства (21%), Нідэрландаў (11,7%), Кіпра (8,7%), Аўстрыі (3,8%).
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя