ІП Гародні заклапочаныя высокімі коштамі арэнды
Прадпрымальнікі лічаць, што такая сітуацыя не спрыяе павялічэнню попыту на тавары. Самыя высокія кошты арэнды – на цэнтральным рынку горада і рынку “Карона”, адміністрацыі якіх у бягучым годзе некалькі разоў падвышалі аплату. Прадстаўнікі дробнага бізнэсу горада над Нёманам абураюцца, што з кожным днём змяншаецца эфектыўнасць іх працы:
– Усе людзі перайшлі на другасны рынак. Не могуць купляць з разліку тых зарплатаў, наколькі я ведаю – у асноўным ад 2200 тыс. руб. і крыху больш. То што можна купіць? Усе перайшлі на другасны рынак.
– Хочам працаваць. І дайце нам працаваць. Прыміце такі загад, каб было добра і нам, і вам.
– Метраж у мяне аднолькавы – што тут 100 квадратаў, што там 100 квадратаў. Але арэнда тут! Людзі адмаўляюцца. Ужо чалавек пяць сыйшло з нашага рынку.
Агульная колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў у Гародні складае каля дзесяці тысяч чалавек. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя змяншэння колькасці дробных бізнэсоўцаў, якія зыходзяць з рынкаў горада і спрабуюць знайсці іншыя накірункі дзейнасці.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня