ІП і юрыдычныя асобы атрымалі льготы для адкрыцця магазінаў у вёсцы
З 1 студзеня 2018 года па 31 снежня 2022 года прадпрымальнікам, якія працуюць у сферах гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання ў вёсцы і ў сярэдніх і малых гарадах, прадастаўлены льготы. Гэта прадугледжана ўказам ад 22 верасня 2017 года „Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання”.
Пад сельскай мясцовасцю ва ўказе разумеюцца населеныя пункты колькасцю насельніцтва да 2 тыс. чалавек, пад сярэднімі і малымі гарадскімі паселішчамі – колькасцю ад 2 тыс. да 10 тыс. чалавек. Працуючым у вёсцы прадугледжаны льготы для гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання, у сярэдніх і малых гарадскіх паселішчах – для грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. Пры дзейнасці ў вёсцы ўказ распаўсюджваецца на ІП і юрыдычныя асобы, у малых гарадах – на ІП і мікраарганізацыі.
Ільготы можна атрымаць пры адкрыцці магазінаў, павільёнаў, кіёскаў, палатак, аўтамагазінаў, гандлёвых месц на рынках і кірмашах, аб’ектаў грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання. У іх ліку – вызваленне ад ПДВ, паніжаныя стаўкі па падатку на прыбытак (6 працэнтаў) і падаходным падатку з фізасоб (6 працэнтаў). Стаўка адзінага падатку для ІП за месяц складзе 1 базавую велічыню. Працуючыя ў сельскай мясцовасці і малых гарадах поўнасцю вызвалены ад падатку на нерухомую маёмасць і ад зямельнага падатку, а таксама арэнднай платы за зямельныя ўчасткі.
Суб’екты гаспадарання, у тым ліку індывідуальныя прадпрымальнікі, маюць права набываць аб’екты нерухомай маёмасці без правядзення аўкцыёну па рыначным кошце, прадаваць алкагольныя напіткі ў вёсцы ў магазінах незалежна ад гандлёвай плошчы, а юрыдычныя асобы – і ў аўтамагазінах пры ўзгадненні маршруту і асартыменту. Раней ІП было забаронена прадаваць алкаголь у розніцы, яны могуць гэта рабіць толькі ў аб’ектах грамадскага харчавання.