ІП: Мы не хочам купляць беларускае



Гарадзенскія прадпрымальнікі падтрымліваюць маніфест ”За прадпрымальніцкую Беларусь” рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Перспектыва”, які агучаны напярэдадні сённяшняга форума прадпрымальнікаў у Менску. У маніфесце ўтрымліваецца заклік да ўладаў, палітыкаў і грамадзянскай супольнасці спыніць вайну з прадстаўнікамі дробнага бізнесу і даць ім магчымасць працаваць у спрыяльных умовах.

Згодна з апошнімі зменамі ў заканадаўстве, індывідуальныя прадпрымальнікі з новага года пастаўленыя перад выбарам: ці ліквідоўваць сваю дзейнасць, ці працаваць са стратамі. Адна з галоўных мэтаў новаўводзінаў, на думку гарадзенскіх прадпрымальнікаў, палягае на жаданні ўладаў істотна падвысіць рэалізацыю тавараў айчыннай вытворчасці:

– Купляйце беларускае называецца. А я не хачу купляць айчыннае. Тое самае выпускалі яшчэ 30 гадоў таму! Людзі лепей на рынку замежнае купяць – і больш танна, і прыгажэйшае.

– Пакупніцкая здольнасць знізілася напалову. У асноўным людзі ўсе грошы ўклалі ў крэдыты.

– Хацелася б, каб нам не перашкаджалі.

Падставай для хваляванняў прадпрымальнікаў сталі пастановы беларускага ўрада і указ прэзыдэнта краіны, якія істотна пагаршаюць умовы працы, патрабуючы пры гэтым наяўнасці сэртыфікатаў і санітарна – гігіенічнай экспертызы тавараў. Адначасова з новага года ўводзіцца абавязковае выкарыстанне індывідуальнымі прадпрымальнікамі пры ажыццяўленні рознічнага гандлю плацёжных тэрміналаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: Людмілы Пракопавай