ІП просяць знізіць падвышаючы каэфіцыент да НДС і падатку да 1,5
Група беларускіх прадпрымальнікаў наведала Міністэрства эканомікі, а таксама Міністэрства па падатках і зборах і сустрэлася з шэрагам чыноўнікаў. Паводле лідаркі віцебскіх прадпрымальнікаў Ірыны Яскевіч, у сустрэчы ўдзельнічалі дробныя бізнесоўцы з Менску, Віцебскай і Гарадзенскай абласцей. Яны распавялі аб праблемах, якія апошнім часам фактычна паралізавалі іх працу:
– Мы яшчэ раз пераканаліся, што ідзе нестыкоўка дакументаў розных ведамстваў. Дакументы па падатках і зборах не з’яўляюцца поўным пакетам дакументаў, якія патрабуюць стандарты, і тым больш незразумелыя патрабаванні да нас выстаўляе Міністэрства гандлю. У сувязі з тым, што пакупальная здольнасць сёння не высокая і агульная стаўка агульнага падатку ўжо падвышаная, мы просім знізіць падвышаючы каэфіцыент да НДС і падатку да 1,5.
Паводле Ірыны Яскевіч, пры іншых умовах прадпрымальнікі не здольны будуць плаціць падаткі. Пісьмовыя прапановы ІП прынялі да разгляду.
Таксама прагучала прапанова ўключыць прадстаўнікоў прадпрымальнікаў у адмысловую групу па распрацоўцы законаў, якія адносяцца да сферы іх дзейнасці.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.