ІП прызвычайваюцца да новых правілаў гандлю
Пратэст, які пачынаўся з нязгоды наконт абавязковых суправаджальных дакументаў для тых прадпрымальнікаў, што гандлююць таварамі лёгкай прамысловасці, затухае, распавёў Рацыі Вячаслаў Піліпук, сябар Рады грамадскай арганізацыі «Перспектыва», што аб’ядноўвае большасць дробных беларускіх ІП.
Вячаслаў Піліпук:
– Зараз сітуацыя такая: пасля некага перапынку, прадпрымальнікі выкарысталі гэты час, зрабілі дакументы, зараз паціху прыступаюць да працы. Так, як патрабавала дзяржава. Таксама як у тых гарадах, якія страйкавалі.
Паводле Вячаслава Піліпука, на гэты момант сваю нязгоду з новымі ўмовамі працягваюць выказваць толькі прадпрымальнікі Віцебску і Баранавічаў. Акрамя таго, кажа Піліпук, аднавілася праца транспартных фірмаў, што возяць ІП на закупы ў Маскву.
На думку прадстаўніка «Перспектывы», супраціў рашэнням улады, якія замінаюць працы ІП, магчымы толькі пры гатоўнасці прадпрымальнікаў настойваць на сваіх патрабаваннях да іх выканання. Нейкія страйкі не варта і пачынаць, калі няма рашучасці ісці да канца, кажа ён.
– Мы кожны раз збіраемся. Разам шукаем рашэнне. Робім. Разам аналізуем зваратную сувязь. Але першая ўмова, каб вы не сыходзілі з дыстанцыі пасля першых удараў з боку ўлады.
Паводле Вячаслава Піліпука, пратэсты могуць успыхнуць увосень – калі рэшткі старога тавару ў прадпрымальнікаў скончацца і напоўніцу будуць дзейнічаць новыя правілы гандлю. І тут, на ягоную думку, лёс ІП будзе залежыць ад улады – пойдзе яна на змякчэнне ўмоваў, ці будзе настойваць на выкананні правілаў. Калі не пойдзе – то можна чакаць усеагульнага страйку, мяркуе Вячаслаў Піліпук.
Рыгор Сапяжынскі, Беларускае Радыё Рацыя