ІП вярнулі магчымасць разлічвацца наяўнай валютай
Саўмін і Нацыянальны банк сумеснай пастановай ад 29 сакавіка вярнулі індывідуальным прадпрымальнікам права выкарыстоўваць наяўную валюту для разлікаў за межамі Беларусі. Менавіта гэтага дамагалася аб’яднанне прадпрымальнікаў «Перспектыва» на чале з Анатолем Шумчанкам.
– Унесці змены, каб было, як раней, калі прадпрымальнікі маглі працаваць і за наяўную валюту купляць за мяжой тавар у сілу спецыфікі іх працы. Вось гэта наша асноўнае патрабаванне.
Цяпер ІП, зарэгістраваныя ў Беларусі, могуць за мяжой аплачваць тавар наяўнай валютай па здзелках імпарту ў суме не больш за 100 базавых велічынь (ці 2 550 рублёў на дадзены момант) па кожным дакуменце, які пацвярджае паступленне тавараў у краіну. Валюту на гэтыя мэты яны могуць набываць у абменных пунктах, касах, тэрміналах у парадку, усталяваным для фізічных асоб, перадае reforum.by.
Пастанова афіцыйна апублікавана на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Яна ўступае ў сілу пасля афіцыйнага апублікавання і распаўсюджваецца на адносіны, якія ўзніклі з 1 сакавіка.
Нагадаем, 1 сакавіка ў Беларусі ўступілі ў сілу змены ў валютнае рэгуляванне. Разам з некаторымі паслабленнямі, напрыклад, магчымасць адкрываць рахункі за мяжой без дазволу рэгулятара, яны прадугледжвалі дадатковыя меры па дэдаларызацыі.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя