Іпэшнікаў абавязалі набыць расейскія банкаўскія тэрміналы



Удалая падпісная кампанія супраць абавязку набываць банкаўскія тэрміналы з пачатку 2016 года для прадпрымальнікаў-гарадзенцаў не паўплывала на рашэнне ўладаў. Адказ з Нацыянальнага банка на калектыўны зварот паказаў, што прадпрымальнікі павінны будуць набываць тэрміналы па высокіх коштах у Расейскай Федэрацыі, у  параўнанні з не высокімі рынкавымі коштамі банкаўскіх тэрміналаў у Польшчы.

suscynski_terminaly

Кажа актывіст Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Сяргей Верамеенка:

– Я не ведаю, як яны хочуць “падаіць карову”, якая ўжо “не дае малако”? Прадпрымальнікі ўжо ўсё, фактычна на нулях. Глядзіце, усё даражэе, а кошты на таксоўку падаюць, ну што зробіш, канкурэнцыя канешне. Калі гэтаму чалавеку яшчэ паставіць тэрмінал за 10 ці 13 мільёнаў, дзе ён возьме гэтыя грошы – невядома. Калі яны прыходзілі да сваіх інспектароў падатковых, некаторыя кажуць: “Не спяшайцеся купляць, магчыма штосьці будзе, магчыма адкладуць”. Я шчыра кажучы не бачу перспектывы ў вырашэнні гэтага пытання таму, што ў дзяржавы няма грошай, яны па ўсім накірункам шукаюць, дзе ўзяць.  

З 1 студзеня ўваходзіць у сілу пастанова Савета Міністраў і Нацыянальнага банка, якая ўводзіць абавязак усталявання  прадпрымальнікамі ў іх гандлёвых кропках банкаўскіх тэрміналаў. Дзе браць грошы на тэрміналы дробным прадпрымальнікам, даход у якіх невялікі – застаецца “адкрытым” пытаннем.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня