Ірына Яскевіч: Будзем працаваць да першай канфіскацыі
Прадпрымальнікі Гародні і Віцебска працягваюць забастоўку і патрабуюць адмяніць сертыфікаты і суправаджальныя дакументы на тавары. Пра гэта паведаміла каардынатар аргкамітэта па стварэнні прафсаюза прадпрымальнікаў «Разам» Ірына Яскевіч.
Па яе словах, на рынках Віцебска 60 адсоткаў з тых прадпрымальнікаў, якія не выйшлі на працу 1 ліпеня, не працуюць і па гэты дзень. Прадпрымальнікі хучэй за ўсё выйдуць на працу «да першай канфіскацыі», кажа Ірына Яскевіч.
– Справы нашыя плачэўныя, бо зацягнутыя адказы на нашыя звароты. І мы разумеем, што людзям, пакуль ёсць магчымасць, трэба працаваць. Заўтра ў нас сход, і хутчэй за ўсё мы абвесцім, што кожны павінен паглядзець на свае здольнасці матэрыяльныя. Таму што, падобна, чакаць адказаў на нашыя звароты будзем доўга. Будзем працаваць да першага канфіскату. І будзем імкнуцца рабіць, каб гэтых канфіскатаў не было.
З 1 ліпеня па ўсёй Беларусі страйкавалі прадпрымальнікі. На рынках і ў гандлёвых цэнтрах шэрагу буйных гарадоў ІП спынілі працу з-за немагчымасці выконваць патрабаванні ўказа Лукашэнкі № 222.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя