Ірына Яскевіч: мы не разумеем менчукоў – яны працягваюць працаваць



11 ліпеня 60 адсоткаў віцебскіх індывідуальных прадпрымальнікаў не выйшлі на працу, каля поўдня ў іх запланаваная чарговая сустрэча па справе прэзідэнцкага ўказа нумар 222, які ўваходзіць ў жыццё з сённяшняга дня.

У Форуме прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску ўдзельнічала прыблізна 230 прадстаўнікоў малога бізнесу са сталіцы і рэгіёнаў.

Але, як адзначае Ірына Яскевіч, прадстаўніца гандлёвага цэнтру «Эвіком», з Віцебсккіх прадпрымальнікаў там нікога не было, а сам форум яна называе правакацыяй

– Не, прадстаўнікоў ад тых, хто закрыўся, там не было. Мы выказалі свае адносіны да Форуму. Мы прыйшлі да высновы, што гэты Форум быў патрэбны не прадпрымальнікам, а я не ведаю – каму. Бо 30-га чэрвеня, калі бы прадпрымальнік паехаў бы на гэты форум, ён адзін, самастойна павінен быў ужо вырашыць: або ён будзе працаваць, або ён падаў нулявую дэкларацыю. Таму я лічу, што гэта нейкая правакацыя.

“Большасьць віцебскіх індывідуальных прадпрымальнікаў не выйшлі сёння на працу”, – сказала Ірына Яскевіч, прадстаўніца гандлёвага цэнтру «Эвіком», каардынатарка аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам».

– Не выходзілі яшчэ на працу, сёння будзем а 12 гадзіне сустракацца яшчэ раз з прадпрымальнікамі, бо ў той сітуацыі, у якой мы зараз знаходзімся, мы не разумеем паводзіны менчукоў – яны працягваюць працаваць, яны кажуць, што будуць збіраць нейкія пподпісы па рэгіёнах, хаця на самай справе яны гэтыя “рэгіёны” сваім форумам учора “здалі”.

Паводле Ірыны Яскевіч, каля 60% віцебскіх прадпрымальнікаў ужо падалі ў падатковую інспекцыю «нулявыя» дэклярыцыі – дакумент, які сведчыць пра тое, што праца спыненая. Але такая дэкларацыя дазваляе аднавіць гандаль у любы момант. На віцебскіх кірмашах спадзяюцца, што іх праблемы можна вырашыць, але – толькі на самым высокім узроўні. Прыкладам, адмяніць або ўнесці папраўкі ва ўказ № 222, які забараняе гандаль без сэртыфікатаў і суправаджальных дакументаў на тавары, у тым ліку тыя, што ўвозяцца з краін Мытнага саюза.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

 

Фота by.belapan.by