IT-кампанія TeamViewer сыходзіць з Беларусі і Расеі
Кампанія TeamViewer, распрацоўшчык праграмнага забеспячэння для аддаленага доступу, сыходзіць з Беларусі і Расеі.
У заяве кампаніі гэты крок тлумачыцца вайной супраць Украіны, якую развязала Расея. «Мы глыбока ўзрушаныя жахлівым нападам Расеі на Украіну. TeamViewer падтрымлівае ўніверсальныя каштоўнасці свабоды і дэмакратыі, і мы асуджаем любыя формы гвалту і агрэсіі», — гаворыцца ў заяве.
TeamViewer спыніць сваю дзейнасць у Беларусі і Расеі, а таксама адмовіцца ад кантрактаў з кліентамі з гэтых краін. Дзеючыя падпіскі будуць выконвацца да заканчэння кантракту, але не будуць падаўжацца. Усе неліцэнзійныя злучэнні з Расеі і Беларусі будуць заблакаваныя.
Кампанія бясплатна прапануе свае прадукты для карыстальнікаў з Украіны і ахвяруе больш за 750 000 еўра Чырвонаму Крыжу для аказання гуманітарнай дапамогі.