ІТ-сфера ў Беларусі – цяпер адзін з “тармазоў” эканомікі



Аналітыкі расказалі, якія галіны найбольш тармозяць эканоміку Беларусі. Сярод іх значыцца ІТ-сфера. У Еўразійскім банку развіцця называюць тры галіны, якія ў асноўным цягнуць эканоміку нашай краіны ўніз: – Стрымальны ўплыў на рост эканомікі працягвае аказваць слабая дынаміка ў будаўніцтве, транспарце і ІТ-сектары. У бліжэйшыя месяцы чакаем паскарэння тэмпаў эканамічнага росту ў Беларусі, – паведамляюць у ЕАБР.

Агулам эканоміка Беларусі па-ранейшаму працуе ў мінус, але яе тэмпы зніжэння замарудзіліся ў параўнанні з леташнім падзеннем. Так, у першым квартале гэтага года ВУП скараціўся на 2,1% у гадавым выражэнні пасля скарачэння ў студзені – лютым на 3,6% гадавых.

Карэя забараняе экспарт у Беларусь і Расею больш як 740 тавараў

Паўднёвая Карэя робіць больш жорсткім кантроль экспарту некаторых тавараў у Расею і Беларусь. Паводле паўднёвакарэйскага Міністэрства гандлю, агульны лік тавараў, на якія неабходна атрымліваць спецыяльны дазвол ва ўрадзе, вырас з 57 да 798 пазіцый.

Сярод тавараў, экспарт якіх забаронены, – дэталі аўтамабіляў, даражэйшых за 50 тысяч даляраў, паўправаднікі, будаўнічае абсталяванне, каштоўныя камяні, а таксама тавары, звязаныя з хімікатамі, сталлю, машынабудаваннем, квантавымі камп’ютарамі і іншыя. Згодна з заяваю міністэрства, такі крок быў зроблены ў сувязі з высокай верагоднасцю выкарыстання гэтых тавараў краінамі-імпарцёрамі ў ваенных мэтах і для вытворчасці зброі.

Белстат распавёў, якой рыбы больш за ўсё вылоўліваюць у Беларусі

Летась у беларускіх вадаёмах вылавілі амаль 14 тысяч тон рыбы, з якіх 58 працэнтаў – гэта прамысловы ўлоў, астатняе – з натуральных вадаёмаў. Больш за ўсё вылавілі карпа – амаль 5 тысяч тон. На другім месцы – таўсталобік, на трэцім – амур. У пяцёрку відаў, якіх дабываюць найбольш, увайшлі ласасёвыя, а вось менш за ўсё здабылі сомавых – усяго 19 тон.

Па рэгіёнах найбольш актыўна прамысловы ўлоў развіты ў Менскай вобласці, на другім месцы ідзе Берасцейская вобласць.

У Беларусі падвысілі мінімальныя цэны на алкаголь

Гаворка ідзе пра спірт, гарэлку і пладова-ягадныя віна. Мінгандлю прыняло дзве пастановы, якія падвышаюць мінімальныя цэны на алкаголь. Пастанова №30 падвышае цэны на “віны пладовыя мацаваныя марачныя, палепшанай якасці і спецыяльнай тэхналогіі” з 3,54 рубля да 4,18 рубля за 0,7 літра. Гэтая пастанова ўжо афіцыйна апублікаваная і набыла моц. Другая пастанова, №29, пакуль не апублікаваная афіцыйна. Паводле Мінгандлю, яна падвышае цэны на этылавы спірт да мінімум 92,67 рубля за 10 літраў (без падатку на даданую вартасць), а на моцныя напоі – да мінімум 9,04 рубля з разліку на паўлітра напою.

Алкаголь – адзін з тавараў, які апошнім часам найбольш даражэе. З сакавіка мінулага года па сакавік бягучага года цэны на яго выраслі на 17%.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: malanka.media/news