«ІТ-вёска»: абсурд, які можа стаць пагрозай
Калісьці людзі смяяліся са словазлучэння «аграгарадок». Бо горад у сваёй сутнасці ёсць супрацьлегласцю аграрнай справы. Гэта як спалучыць гарачае з круглым, то бок, несумяшчальныя рэчы. Але людзі прызвычаіліся. Цяпер мы пачулі словазлучэнне «ІТ-вёска». І байнет расквеціўся шматлікімі жартамі па тэме.
Прапаную пагуляцца з прагнозамі ў што тая «ІТ-вёска» можа ператварыцца.
На міжнародны Дзень Касманаўтыкі самая нагода прыгадаць, што славуты канструктар Сяргей Каралёў распрацоўваў механізмы для палёту на зямную арбіту, седзячы ў «шарашкінай канторы». Што ў перакладзе са слэнгу на звычайную мову азначае, што адна з самых светлых галоў свайго часу працавала за калючым дротам.
А я прыгадваю блогера Паўла Спірына, які сядзіць за кратамі ад 9-га верасня 2020 году за фільм пра сучасную рабскую працу ў беларускіх вязніцах.
Паўла Спірына звінавацілі ў распальванні сацыяльнай варожасці.
У дадзеным выпадку мелася на ўвазе лукашэнкаўская карна-судовая сістэма. Гэта людзі ў пагонах і мантыях так пацярпелі ад фільму Паўла Спірына пад назвай «Грань», што чалавеку далі чатыры гады за кратамі. У фільме распавядаецца пра тое, што колішні міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч стварыў з турмаў прыбытковы бізнес.
І што ў тым ліку драконаўскія тэрміны падлеткам за невялікія порцыі марыхуаны ды іншыя лёгкія наркотыкі, усе гэтыя тысячы зламаных юначых лёсаў, – гэта ўсё дзеля камерцыйнай выгады клану Лукашэнкі.
Зняволеныя робяць мэблю, шыюць форму. А тут мы бачым інфармацыю пра планы па стварэнні «ІТ-вёскі». І гэта на фоне каласальнага адтоку ІТ-бізнсаў з Беларусі. Відаць, дарадцы паказалі Лукашэнку лічбы. Чалавек з мазгамі дырэктара саўгасу ўбачыў, што загадкавая для яго ІТ давала больш прыбытку, чым выраб мэблі і рабочых рукавіцаў.
Я не здарма згадаў пра саўгас. Гэта савецкая гаспадарка, калі хто забыўся. Стварыўшы невыносныя ўмовы для працы ІТ-фірмаў, «крэпкія хазяйсьцьвеньнікі» спрабуюць усё вярнуць звыклымі для сябе спосабамі. Ствараюць «ІТ-калгас», як жартуюць у сеціве.
Але ў калгас можна толькі сагнаць. А сагнаць можна толькі шантажом, пагрозамі і карнымі дзеяннямі. Калгас па сутнасці быў падобны на «зону» да вайны, і на «хімію» у часы «развітога сацыялізму».
А сёння. Сёння пад прымусам працаваць у ІТ-сферы можна толькі пад аховай.
У горшым выпадку. А ў лепшым ІТ-вёска застанецца паказухай і крыніцай для натхнення мэма-стваральнікаў.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя