Іван Сухій: Беларусі, каб выйсці на ровень Польшчы, патрабуецца дзесяць гадоў
Адзінае выйсце для Беларусі, каб аслабіць цяперашнюю залежнасць ад Расеі – пайсці шляхам Фінляндыі. Тая змагла выкарыстаць пасляваеннае паслабленне адносінаў з СССР, і змагла стварыць сучасную нішавую эканоміку. Вайна ва Украіне моцна перашкаджае такім планам, а рэжым Беларусі спрычыніўся да ўвядзення санкцый. Якім чынам беларускі бізнес можа інтэгравацца ў міжнародны рынак зараз? Адказы шукалі ўдзельнікі прэзентацыі новага праекта Банка ідэй «Нішы Беларусі або беларуская мара». Кажа паліткансультант Іван Сухій:
– Дамагчыся ўзроўню Балтыйскіх краін і Польшчы, па-першае, ён у іх розны. Узровень Латвіі і Літвы адрозніваецца ад узроўню Эстоніі, Польшча значна большая краіна па насельніцтве, па памеру эканомікі і ў ёй вельмі актыўна развіваецца мэтанакіраваная работа па стварэнні, падтрымцы чэмпіёнаў і аб гэтым заўсёды гаворыцца. Колькі трэба Беларусі, каб, калі раптам зменяцца палітычныя ўмовы, выйсці на больш-менш прыстойны ўзровень параўнальны з той жа Польшчай, я думаю, патрабуецца дзесяць гадоў, каб размарозіліся патэныйныя актыўныя людзі і каманды, якія мажліва, знаходзяцца цяпер на раздарожжы. Я думаю, што 10 гадоў хопіць, каб кампенсаваць тую шкоду, якая палітычнай падмарозкай нанесеная.
Цалкам размову слухайце ў далучаным аўдыёфайле:
Па словах удзельнікаў прэзентацыі, асноўная пагроза для Беларусі зараз – пайсці па шляху не нішавай эканомікі, а трапіць у варонку расейскага імпартазамяшчэння ў тых нішах, якія вызваліліся пасля сыходу заходніх брэндаў на фоне вайны. Мажлівы шлях для Беларусі – актыўна займаць рынак СНД, бо большасць краін СНД пад санкцыі не патрапілі.
Беларускае Радыё Рацыя