Кабякоў абмеркаваў эканамічную сітуацыю ў Беларусі з місіяй МВФ
Эканамічная сітуацыя ў Беларусі, а таксама актуальныя пытанні ўзаемадзеяння краіны з Міжнародным валютным фондам абмяркоўваліся 7 чэрвеня ў Менску на сустрэчы прэм’ер-міністра Андрэя Кабякова з прадстаўнікамі місіі МВФ.
Як паведамляе прэс-служба ўрада, абмяркоўваўся, у прыватнасці, ход падрыхтоўкі да штогадовых кансультацый па артыкуле IV (што ўключаюць штогадовы агляд эканомікі. — БелаПАН.), якія адбудуцца ўвосень 2017 года.
Місія МВФ на чале з Пітэрам Долманам працуе ў Менску з 5 па 12 чэрвеня. Эксперты фонду абмяркуюць з прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання макраэканамічную сітуацыю ў краіне і правядуць падрыхтоўчую работу напярэдадні штогадовай місіі МВФ, запланаванай на восень.
Беларускія ўлады вядуць перамовы аб атрыманні новага крэдыту МВФ на 3 млрд долараў прыкладна пад 2,3% на 10 гадоў.
Выступаючы 21 красавіка ў парламенце, Лукашэнка даў зразумець, што беларускі бок не падзяляе рэкамендацыі МВФ па шэрагу ключавых пытанняў, якія тычацца, у прыватнасці, жыллёва-камунальнай сферы і працы дзяржпрадпрыемстваў. Кіраўнік дзяржавы таксама даручыў Міністэрству антыманапольнага рэгулявання і гандлю працягваць кантраляваць цэны, нягледзячы на рэкамендацыі МВФ, якія тычацца лібералізацыі цэнаўтварэння.
Паводле прагнозаў экспертаў, новая крэдытная праграма з МВФ не будзе падпісаная найбліжэйшым час, бо рэфармаванне дзяржсектара, на якім настойвае валютны фонд, да гэтага часу не пачалося. Гэтаму, на іх думку, садзейнічала заключэнне нафтагазавых дамоўленасцяў з Расеяй, што спрыяльна адбіваецца на эканамічнай сітуацыі ў краіне. Аналітыкі лічаць, што гатоўнасць Беларусі прымаць ўмовы МВФ можа ўзрасці пад канец года, калі трэба будзе шукаць грошы на пагашэнне дзяржаўнага доўгу ў наступным годзе, і ўладам давядзецца шукаць альтэрнатыўныя крыніцы фінансавання.
Нагадаем, паводле даных агенцтва Fitch Ratings, у 2017-м выплаты Беларусі па знешнім дзярждоўгу складаюць 1,8 млрд долараў, у 2018-м — 2,8 млрд долараў.
belapan.by