Кабякоў: Цяпер на многіх прадпрыемствах у рэгіёнах няпростая сітуацыя



„Цяпер на многіх прадпрыемствах, размешчаных у рэгіёнах, няпростая сітуацыя, таму што рынкі нашых буйных машынабудаўнікоў праселі, аб’ёмы заказаў па кааперацыі скарачаюцца”, — заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 3 жніўня журналістам у ходзе рабочай паездкі ў Берасцейскую вобласць, дзе ён, у прыватнасці, наведаў ЗАТ „Атлант” — Баранавіцкі станкабудаўнічы завод, а таксама ААТ „Баранавіцкі малочны камбінат”.

„Тут, як ніколі, важна, каб прадпрыемствы-філіялы маглі сябе падтрымліваць за кошт таго, што выпускаюць уласную прадукцыю, маюць уласныя продажы. І за кошт гэтага яны забяспечаць устойлівасць у сваім эканамічным становішчы”, — цытуе прэм’ера прэс-служба ўрада.

Ён прывёў у прыклад філіял ЗАТ „Атлант” — Баранавіцкі станкабудаўнічы завод. Нягледзячы на ўсе складанасці, прадпрыемства „ўжо пачынае дэманстраваць дынаміку, якую можна назваць паступовым выхадам на траекторыю ўстойлівага эканамічнага росту”, адзначыў Кабякоў. У прыватнасці тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці за першае паўгоддзе тут склаў 114,4%. Прадпрыемства таксама тэхнічна развіваецца — асвойвае новыя мадэлі кампрэсараў, рухавікоў пральных машын. Як паведаміў дырэктар завода Васіль Жаўнерчык, прадпрыемства адным з першых на тэрыторыі СНД асвоіла выпуск вырабаў з высокатрывалага сінтэтычнага чыгуну, якія запатрабаваны на расейскім рынку. На карце экспарту завода сёлета з’явілася 17-я па ліку краіна — Сербія, куды неўзабаве будзе пастаўлена чарговая партыя прадукцыі.

„Баранавіцкі станкабудаўнічы завод — прыклад таго, як у такой няпростай сітуацыі неабходна працаваць. Перспектыва тут праглядаецца. Прычым важна тое, што філіял, які ўваходзіць у аб’яднанне „Атлант”, мае свой істотны рынак як самастойная вытворчая адзінка. Гэта паказчык для тых прадпрыемстваў, якія маюць галаўныя прадпрыемствы”, — адзначыў кіраўнік урада.

Акрамя таго, прэм’ер-міністр заявіў, што прадпрыемствам новай і традыцыйнай эканомікі па сілах забяспечыць рост ВУП у 1,5% у 2017 годзе. Паводле яго слоў, на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў 2 жніўня разглядаўся прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2017 год. У прыватнасці было заяўлена, што тэмп росту валавога ўнутранага прадукту чакаецца 101,5%. „У наступным годзе вось гэтыя 1,5% прыросту ВУП павінны быць забяспечаны з двух складовых частак. Першая — гэта прадпрыемствы традыцыйнай эканомікі. Мы ўзважана праводзілі ацэнку па 68 таварных балансах прадукцыі, што выпускаецца традыцыйнымі прадпрыемствамі, і ацэньваем, што гэта магчыма на наступны год. А другую частку прыросту ВУП павінны даць так званыя прадпрыемствы новай эканомікі, якія актыўна ствараюць працоўныя месцы”, — растлумачыў прэм’ер-міністр. „Для таго каб такія прадпрыемствы з’яўляліся, пашыраліся, трэба ствараць умовы”, — дадаў кіраўнік урада.

Сваю рабочую паездку Андрэй Кабякоў назваў пацвярджэннем на практыцы размовы, якая адбылася на апошнім пасяджэнні прэзідыума Саўміна. „Ёсць прадпрыемствы, арганізацыі, суб’екты гаспадарання, якія цалкам могуць стаць тымі лакаматывамі, пунктамі росту, дзякуючы якім наша эканоміка выйдзе на ўстойлівае эканамічнае развіццё”, — адзначыў ён. Пры гэтым прэм’ер-міністр не адмаўляе існавання шэрагу пытанняў у эканоміцы, якія „неабходна вырашаць сістэмна”.

belapan.by